Хутка — вячэра. Дзень адплывае ружовы
За небасхіл, дзе ў зацішку маўчання і стомы
Новы абсяг паўстае, шчэ вачам невядомы,
У вечных пакутах нязнанай малітвы і мовы.
У шарым паўзмроку, дзе ўтоены жарты і кпіны,
Дзе ліхтары свае сочаць штохвілю ахвяры,
Вэлюмам чорным ахутаны плечы ў хацінаў
I па кутах там памерлых схаваныя твары.
Там — здратаваныя душы ляцяць на шпалеры,
Каб у святочных карунках мілосці і цуду
Зноўку здабыць сваю моц, — свята тайнай вячэры, —
Дзень наш ачысціць ад зла, і ад змроку, і бруду.