Як убачыць мяжу паміж сінім і чорным,
У час, калі далягляд праглынуў сонца шар?
Толькі скончыўся дзень, а такім ілюзорным
Паўстае перад мною бясконцы абшар.
Не гамоняць палі і жывёлы паснулі,
Рыбы леглі на дно, птушкі змоўклі ў садах
Толькі чуецца песня нястомнай матулі,
І ляціць яна ў неба скрозь комін, праз дах.
Каб убачыць мяжу паміж сінім і чорным,
Зачыні свае вочы і песню пачуй.
І ў сне, што на небе праявіцца зорным,
Каляровым алоўкам што хочаш малюй.
30.09.2012