Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Сяргей Махнач

Сярэдняя: 5 (4 галасоў)

1.
Сустрэча з Вамі так дарэчы:
Хадзіў пахмурны, нібы ў сне,
А зараз я расправіў плечы,
Няма на сэрцы той пустэчы,
Што болем дапякала мне.

Няма турбот і хваляванняў –
Вы мне ўсміхнуліся. I вось,
Бывай, галоўнае з пытанняў,
Збылося лепшае з жаданняў:
Я сёння Ваш таемны госць.

Пачуцці Вашы не абражу,
Мне гэты момант дарагі.
Юрлівасць змыў з сябе, як сажу.
Дазвольце, вершам Вас уражу?
Дазвольце прачытаць другі?

Я Вам пішу ... я Вам чытаю,
З душы прагнаўшы зграі хмар,
I перад Вамі снегам таю,
Травой калені абдымаю,
Цалую ветрам любы твар.
10.05.2014

2.
Застанься. Ноч у чэрвені плыве
Да досвітку сляпым, кароткім шляхам.
Давай прысядзем моўчкі на траве,
Што прарасла пад неба зорным дахам.

Тваіх вачэй блакітных вадаём
Хвалююча нагадвае пра мэту:
Пачуць твой смех, што льецца ручаём,
Ім захапіцца, нібы цудам свету.

Дазволь крануць мне хвалі валасоў,
Адчуць іх водар – мяты і палыну!
Шукаў цябе з няўрымслівых часоў –
І вось сустрэў каля старога млына.

Там, дзе каханне дыхае скрозь час,
Дзе праз лістоту ліпы бачны месяц –
Там сябра-чэрвень павянчае нас
Не на адно жыццё – на цэлых дзесяць.
23.06.2013

3.
Згасае дня святло ў акне ...
Не дадавай пачуццям кошту.
Чаму сустрэла ты мяне?
Навошта?
Нашто пад гукі палкіх фраз
Глядзела ў вочы мне таемна?
Дарма патрацілі мы час.
Дарэмна.
Цяпер кахання пачуццё
Спектаклю дрэннаму падобна.
Відаць, працягваць нам жыццё
Асобна.
03.11.2012

4.

Я губляю цябе ў недарэчнасці фразаў,
Я губляю цябе ў абыякавым нечым.
Паміж намі каханне – як-быццам зараза:
Мы кахаем адзін аднаго, нібы лечым.

Я знаходжу цябе ў мімалётным і ўяўным,
Я знаходжу цябе на паветрана-белым.
Снег кладзецца прасцінай і подыхам плаўным
Ты бянтэжыш мяне па-дзіцячы, нясмела.

Я кахаю цябе бескарысліва, светла,
Я кахаю цябе, так адкрыта і чыста.
Адчыні свае створкі і дай мне паветра,
Адкажы пачуццём узаемным, празрыстым.

22.02.2013

5.
У цемру ночы, быццам у пустэчу,
Глядзяць мае ўстрывожаныя вочы:
Чакаю я, чакаю я сустрэчы,
Сустрэчы з тым, хто мне прызнацца хоча.
Прызнацца, як зняможыўся ў пустыні
Халодных душ – шукаць білет ільготны,
Стаміўся прасаваць спіной прасціны
І маляваць "пастэльныя палотны".

Як мне сябе паводзіць пры сустрэчы?
Прыняць і дараваць, забыўшы крыўды?
Накрыць на стол, абняць рукамі плечы,
Як быццам вечна ён са мною быў ды
Не кідаў подла ў роспачы смяротнай,
I не ўцякаў у ноч аднамаментна?
Мо, падмяніць білет яго ільготны
Аселага жыцця абанементам?

Гляджу я ў цемру ночы, у пустэчу –
Не, не дарэмна Бога я прасіла.
Чакаю я, чакаю я сустрэчы,
Сустрэчы з тым, каго прагнаць не ў сілах.
23.12.2012

6.
Сэрца маё – толькі табе адной
З гэтых часоў і да апошніх дзён.
Не падзяліць нас ледзяной сцяной,
Ты для мяне – нібы дзівосны сон.

Ты для мяне – песнi цудоўнай гук,
Спеў ручая, травеньскі гоман птах.
Буду чакаць дотык ласкавых рук,
Буду дзяліць ежу з табой і дах.

Наша жыццё – выпрабаванне душ.
Я так хачу вечна цябе кахаць.
Ты назаві словам кароткім – “муж”,
Ты назаві – буду ўвесь час чакаць.

08.01.2015
7.
Ні слова, нi паўслова не кажыце,
Блакітны погляд ваш – само прызнанне.
Вы васільком разгубленым у жыце
Дрыжыце ад раптоўных дакрананняў.

Вам пазайздросціць кветачка любая:
Вы ў сэрцы беларуса назаўсёды.
Мне поглядаў саромлівых хапае,
Каб страціць галаву ад асалоды.

Калі я вас сустрэў, прыцішыў крокі,
Мяне вы так раптоўна паланілі.
Хацеў забраць з сабой у шлях далёкі,
Але вас карані не адпусцілі.

Красуйцеся далей, у дзень вясновы
На тонкай ножцы крохкі свет трымайце.
Я не забуду погляд васiльковы,
І вы мяне, прашу, не забывайце.

10.10.2015

8.
Я не ведаю, што будзе з намi,
I цi здолею вытрымаць гэта:
Думкi складваюцца ў арыгамi –
Закаханасцi позняй прыкмета.

Думка першая робiцца птушкай,
У паветра iмкнецца, на волю,
Каб табе распавесцi на вушка,
Што каханне не пройдзе без болю.

А другая – прыгожая думка –
Атрымалася сонечнай кветкай,
Будзе добрым табе падарункам,
Пачуцця непагаснага сведкай.

Думка трэцяя склалася ў хатку,
Вокны, дзверы зраблю – запрашаю.
Я кахаю цябе без астатку,
Ды, здаецца, не я ўсё рашаю.

Нехта зверху смяецца над намi,
Прымушаючы думаць няспынна.
Думкi складваюцца ў арыгамi…
Гэта я так кахаю, Iрына.

10.07.2015

9.
Закахаўся я шчыра, сур'ёзна,
Бо я ўвогуле хлопец, што трэба.
"Гэта скончыцца, рана ці позна" –
Усміхаецца сонейка з неба.

Я кажу, што кахаць буду вечна
Толькі тую, адзіную ў свеце…
"Гэта скончыцца, сябар, бясспрэчна" –
У адказ надзімаецца вецер.

Я крычу, да сенсацый ахвочы,
Пра каханне скрозь час і прастору.
"Гэта скончыцца, хлопец, аднойчы" –
Ціхім шэптам адказвае мора.

Ну чаму, адкажыце, чаму так
Безнадзейна, сябры, безвыходна? –
"Ходзяць побач каханне і смутак,
І ніхто іх не бачыў асобна».

13.07.2015
10.

Зрабiўшы крок, задумаўся ў журбе:
Мiж намi вёскi, рэкi, людзi, лёсы…
Цi здолею дабегчы да цябе,
Калi жыццё – бясконцыя палосы?

Святло i цемра боруцца ўва мне,
А дзе дабро, дзе зло – незразумела.
Чакаю, толькi зорка падмiргне,
У госцi да цябе прыходжу смела.

Зблiжае нас на нейкi момант ноч,
Ахоплiвае цудам захаплення,
Кажу сабе: "Хутчэй да шчасця кроч,
Паўзi, у кроў збiваючы каленi!»

Абдыме дзень турботнай мiтуснёй,
I я ў святле ягоным растваруся.
Пытаюся: «Цi будзеш ты маёй?»
I сумна сам сабе ў адказ смяюся.

30.06.2015

11.
Недарэчныя словы – люстэрка майго пачуцця.
Я, акрылены i ўсхваляваны, пiшу гэты лiст.
Прызнаюся адкрыта (i я не зраблю адкрыцця),
Што гуляю ў каханне, паколькi я дрэнны артыст.

Я гуляю, бо мне падабаецца, як Вы мяне
Называеце Сержам – ласкава, пяшчотна, пры ўсiх.
Хай жаночае шчасце нiколi Вас не абмiне,
Я таксама шчаслiвы – каханнем абуджаны псiх.

Я вар'яцтва сваё не стрымаю – хвароба мацней
I мацней забiрае ў палон. Нi пры чым урачы.
Вусны шэпчуць "Ірына "... ды толькi нябачна агней,
Ваш гарэзлiвы позiрк для i ншых гарыць уначы!

26.06.2015
12.

Спявала лета, сонейкам сагрэтае,
Цябе сустрэў даволі нечакана я.
Удзячны лёсу за спатканне гэтае:
Адну, цябе адну шукаў, каханая.

Была ты для мяне нязбытнай мараю,
Далёкаю, для іншага прызначанай.
Мы хутка сталі непарыўнай параю…
Шкада, што часу шмат дарэмна страчана.

Што сорам? У пачуццях я нястрыманы,
Маіх таемных мараў палюбоўніца,
Ступіў на слізкі шлях падману ды маны –
Ад шчасця не магу свайго адмовіцца.

02.07.2015

13.
На цуд не спадзяюся летуценна,
Не клічу, як юнак, на сенажаць,
Дазвольце проста прыхіліць калена,
Каб пра свае пачуцці нагадаць.

Дазвольце быць заўсёды з Вамі побач,
Абараняць у небяспечны час.
Даруйце мне загубленыя спробы –
Спрабую iншым стаць апошнi раз.

Я адчуваю Ваш уплыў станоўчы,
I вернасцю за гэта адплачу.
Дазвольце проста з Вамi крочыць моўчкi…
Мне аднаму – Сяргею Махначу.

30.06.2015

14.
Думкі мае сёння лётаюць недзе,
Нібы галодныя птушкі.
Я закахаўся ў прыгожую лэдзі,
Вершы складаю, як Пушкін.

Мне падысці да багіні нязручна:
Лапці мае выйшлі з моды.
Сам над сабой насміхаюся гучна,
Сумна мне з гэтай нагоды.

Што закахаўся, і сам я не рады.
Марыць пра дзіўнае хопіць!
Я не прыгожы, і я не багаты –
Просты саромлівы хлопец.

Ад безвыходнасці, з гэтага суму
Йшоў я далёка ці блізка,
Раптам, руку я ў кішэню засунуў…
Бачу – папера, запіска!

Роўныя літары, почырк выразны,
Словы – душы маёй кродзеж:
"Хлопец, прыходзь, як сцямнее, да лазні –
Новыя лапці там знойдзеш!"

04.06.2015

15.
У той момант, калі вас сустракаю,
Дакранаючыся да чысціні,
У шаўковых валасах я знікаю,
Сон губляю ад вачэй глыбіні.

Побач з вамі мне стаяць небяспечна –
Сэрца ўспыхвае iмгненна да вас.
Я асуджаны пакутаваць вечна –
Не ўратуе закаханага час.

Словы простыя сказаць вам спрабую,
Але мову адымае маю.
Я гатовы знесці муку любую –
Перад вамі на каленях стаю.

Падарыце, калі ласка, надзею,
Адкажыце мне ўзаемным цяплом –
Я сумневы вашы хутка разьвею,
Узмахнуўшы ад натхнення крылом!

25.05.2015

16.
Пачуй мой голас – музыку кахання,
адчуй надрыўны плач маёй душы,
надзею дай на хуткае спатканне.
Ляцяць, нібыта смелыя стрыжы,
пад пералівы струн маёй гітары,
пад шум дажджу – ляцяць у вышыню
мае, з табою звязаныя, мары –
адчуй іх цеплыню і дабрыню.
Застанься для мяне не проста сябрам,
які да шчасця расчыніў вакно,
не эпізодам яркім, не стопкадрам –
бясконцай стужкай нашага кіно.

10.04.2015

17.
Пакуль ты спіш, гайдаецца зямля бяляваю дзяўчынкай у сусвеце,
Сады квітнеюць, нiбы ў першы раз, губляючы пялёсткаў белы снег.
Пакуль ты спіш, я для цябе пішу. Старонкі перагортвае мне вецер,
Чарніліцы азёраў зіхацяць, і час спыняе свой адвечны бег.

Пакуль ты спіш, я мару аб жыццi, дзе будзем мы ісці з табою разам,
Дзе знойдзе нас каханне ўпершыню – бязмежнае, як чысты далягляд.
Ты спі пакуль, далёкім будзе шлях. Яго прайсці павінны мы сам насам
З усім, што нам падрыхтаваў наш лёс. Калі прачнешся, знiкне шлях назад.
08.05.2014

18.
Рукі твае – дзве свабодныя птушкі,
Вочы – азёры блакітныя.
У валасах развіваюцца стужкі,
Вейкі дрыжаць аксамітныя.
Страціў з табой я і мову, і волю –
Ты захапіла ў палон мяне.
Сэрца не камень – скуголіць ад болю.
Яркiмi ўсмешкамі-промнямi
Ты выяўляеш дыягназ, i лечыш,
Лечыш мяне пацалункамі.
Наша каханне заўсёды дарэчы,
Нiбы абмен падарункамi.
Ты мне падорыш надзею і веру,
Я табе – сэрца адданае.
Гэтае шчасце не мае памеру,
Быццам мы небам абраныя.
29.04.2014

19.
Ты падкрадзешся ціха, нібыта здрадніца, сцiплай усмешкай заманіш мяне ў палон, i на маё – табе: “Прывітанне, Пятніца", шчыра, пяшчотна працягнеш сваю далонь. Я на далонь табе пакладу вясновае, чыстае неба – пад колер тваіх вачэй. Хустка твая, як сонца яскрава-новае. Ты мне аддай яе наўзамен хутчэй.

Толькі скажы, i ноч надыдзе бясконцая. Хочаш, я хуткi час для цябе спыню? Я табе i каханы, i абаронца я, бо я цябе кахаю i бараню. Дзесьці за цёмным лесам садзіцца сонейка, ветрам даносяцца музыка, галасы. Нехта спявае пад пераліў гармоніка…. Гладжу рукамі я твае валасы.
06.05.2014

20.
Мы сустрэліся не выпадкова –
Нібы з возерам звонкі ручай.
Дастаткова адзінага слова,
Каб прыйшло пачуццё праз адчай.

Дастаткова адзінага жэсту,
Каб навечна згубіць галаву.
Я пабачыў тады не нявесту,
А святло, да якога плыву.

Мы сустрэліся, разам зліліся,
Кожны момант хвалюючым быў.
Нёс цябе я скрозь зорныя высі,
І трымаў, і жадаў, i любіў.

Ты кахала мяне так бясконца,
Як я нават не мог уявіць...
О, багіня, о, яснае сонца!
Без цябе маё сэрца баліць.

Без цябе звар'яцеў, страціў мову,
І штодзённа блукаю ў журбе.
Мы сустрэліся не выпадкова…
Ты чакай, я іду да цябе.
23.02.2014

21.
Каханне - чараўніцтва забыццё.
Я бачу сны - яно мне толькі сніцца.
Чакаць яго гатовы ўсё жыццё,
Як быццам ...

Нічым не абмяжоўвайце душу,
І пачуццё павінна ў ёй прыжыцца.
Надзею на каханне я нашу,
Як быццам ...

Анёл ціхенька за плячо кране,
І ў гэты час павінен цуд адбыцца:
Скрозь сны каханне прыйдзе да мяне,
Як быццам ...
23.08.2013

22.
Я ведаю, што болю больш няма,
Што зараз трыццаць восьмая зіма
Маёй душы наіўнай гоiць раны.
Таму iзноў вяртаюся туды,
Дзе быў патлаты, дзёрскi, малады,
Жыццём яшчэ не біты i не драны.

Там я кахаў дзяўчынку з класа "Б",
Не мог убачыць іншых ля сябе,
Пісаў ёй вершы і дарыў букеты.
Але жыццё - раўнівая мадам.
Мае пачуцці адгарэлi там -
Імклівыя сігнальныя ракеты.

А зараз усміхаецца мой лёс,
Ён даўні ліст праз 20 год прынёс -
Там я ўсур'ёз пісаў кахання словы.
Памылкі ў тэксце, быццам у жыцці.
Прабач мяне, мой бог, і адпусьці -
Сказаць прыгожа не хапае мовы.
13.01.2013

23.
Давай ужо не будзем больш аб тым,
Што ты і я - дзве розныя планеты,
Што бачыш у кашмарных снах мяне ты,
Што нашыя адносіны, як дым ...
Давай ужо не будзем больш аб тым.

У вочы дай мне шанец зазірнуць,
Каб зразумець, што сваркі паміж намі,
Як злыя мухі, робяцца сланамі,
Перашкаджаюць згоды дасягнуць ...
У вочы дай мне шанец зазірнуць.

Давай, у рэшце рэшт, мы знойдзем шлях
Туды, дзе нас чакае толькі згода.
Хай дрэннае жыццё з пачаткам года
Накрые снегам белым у палях.
Давай, у рэшце рэшт, мы знойдзем шлях.
31.01.2014

24.
Не здзіўляйся. Нібы першы снег –
Майстар ухіляцца ад адказу –
Я ад слоў тваіх гарачых збег.
Толькі пацяплела - збег адразу.

Мне сваю пяшчоту не дары,
Рызыкую ад яе памерці .
Я хаваю холад унутры
Некалі параненага сэрца.

Гэты холад прытупляе боль,
Закахацца не дае па-новай.
Мне каханне, нібы ў рану соль:
Вось такую я зрабіў выснову.

Не кранай маіх сардэчных крыг,
Не здзіўляйся, што я ўцёк так жвава.
Хопіць слёз, не трэба больш адліг,
Быць з табою я не маю права.
06.02.2014



Сярэдняя: 3.5 (2 галасоў)

ASTRAVETS

Ні вы, ні я - ніхто не вінаваты,
Усё, як мае быць, усё звычайна:
Мой голас, ненаўмысна хрыплаваты,
Ваш хуткі позірк, кінуты адчайна,

Несупадзенне, несваечасовасць,
Разгубленасць галоўнага пытання
I вашай прыгажосці невымоўнасць -
Апошняй кропляй нашага растання.

24.03.2016
Astravets

Дарэчы, што вядома пра Яе?
Яна прачнецца - сонейка ўстае,
Яна заплача - дробны дожджык пойдзе.
У нейкім сэнсе з Ёю павязло:
Яна ўсміхнецца - прэч сыходзіць зло,
Губляецца, знікае ў карагодзе
Яе бясконцых жартаў пра Яго.
А Ён яшчэ не ведае ўсяго,
З чым прыйдзецца сустрэцца непазбежна.
Яна не цукар, з Ёй жыццё - не мёд,
Спрачаецца, нібыта кулямёт,
У спробах заставацца незалежнай.
А Ён, што Ён? - Надзейны, як скала,
Ён сам сябе зрабіў. Пачаў з кала,
А потым двор з'явіўся неўзабаве...
Ён быў усюды, спрабаваў усё,
Свой бізнэс гадаваў, як парасё,
Якое закалоць ужо не ў праве.
Яна - паветра, сонца, Ён - зямля.
Ён пачынаў, як іншыя, з нуля,
Але паветра іншым не хапала.
Яму свяціла сонейка-Яна,
За цэглай цэгла - вырасла сцяна,
За той сцяной Яго Яна чакала.
Ён разбіваўся кожны дзень ушчэнт,
Каб гэта байка мела хэпі-энд,
Каб стала знакамітай кінастужкай...
Дарэчы, што вядома пра Яго?
Ён працаваў, і ўсё дзеля таго,
Каб сесці ў клетку адзінокай птушкай.

25.03.2016
Astravets

Абпальваеце мяне поглядам,
Спрабуеце дакрануцца,
Гуляеце ў гульні дарослыя.
Усё чакаеце, што я дам
Падставу, каб распрануцца,
Каб словы сказаць узнёслыя.
Словы вашыя мне навошта?
Штучная гэта ўзнёсласць,
Пачуцці ненатуральныя.
Сярод іншых Алегаў, Сярож ды
Саш я пазнала даросласць,
За**ана літаральна я.
Прапануйце віно і грошы,
Потым, некалі - цёплае мора.
Працавала гэта калісці.
Усе Алегі, Сашы, Сярожы
Мне прыносілі толькі гора,
Абяцаўшы да шчасця выйсце.
Кожнай ноччу мне сніцца яма -
Чорная, нібы душа мая,
Глыбокая ды халодная.
Мне наўрад ці ўжо скажуць: "Мама,
Для мяне ты самая-самая:
Адзіная, прыгожая, родная!"

26.03.2016
Astravets

Привет, мой одинокий, старый друг.
Скажи, друзьям должно быть одиноко?
Почувствуй сердца преданного стук,
Исчезнет сразу грусти поволока...

На проволоку звуки нанизав,
Тебе пошлю венок своих терзаний,
Вплету душистый трепет сочных трав,
Перемежая горечь лобызаний.

Тоску твою мешком уволоку
И закопаю на развилке судеб...
Захлопну наше "Слово о полку...",
А дальше - по накатанной, как будет.

Но будет ли: ты улыбнёшься вдруг,
В другое русло мысли направляя,
И русые твои коснутся рук,
И рукава распутаю едва я?

31.03.2016
Astravets

Я адчуваю, што сябру майму кепска,
Я разумею, што дрэнна яму, блага.
Ён дагарае, нібыта ў агні трэска,
Ён высыхае: знішчае яго смага.

Словы "трымайся, змагайся, усё добра"
Не дапамогуць: складана яму вельмі.
Колам ляжыць на грудзях у яго кобра -
Цёпла, утульна і хораша там шэльме.

Цягне пачвара з ягоных грудзей сокі.
Думаў гадзіну, як гадзіну зняць з сябра.
Вырашыў проста (сышліся, відаць, зоркі):
Дапамаглі мне сябоўства, адчай, ..... швабра!!!

31.03.2016
Astravets

Якое блакітнае неба!
Яскравае сонца якое!
Зялёным пакрылася глеба,
I я развітаўся з тугою.

I я развітаўся з самотай,
Раздарваю ўсмешкі прахожым.
Я гэта раблю з асалодай,
I сам станаўлюся прыгожым.

Так, я прыгажэю, квітнею,
I хутка ружовым бутонам
Сустрэну сваю Архідэю,
I не забароніць ніхто нам...

05.04.2016
Astravets

Я не чакаю лёгкіх перамог,
Ня трэба мне казаць прa перамогі.
Яшчэ адну паперу перамог
I хутка кіну камяком пад ногі.

Яе намочыць дожджык веснавы,
А сонейка вясновае прасушыць.
Звяртаючыся да мяне "на Вы",
Мясцовы дворнік не шкадуе вушы:

"Ё* Вашу мать, поэтов развелось!
Уже дворы! Вам мало интернета?
За*рали всё!
Без Вас мне не мелось!?" -
Пайду і напаю ў сабе паэта.

Я не шукаю лёгкіх перамог,
Не стукаюся ў выдавецтваў дзверы,
Жыццё раскласці на паперы мог,
Але навошта гэтыя паперы?

05.04.2016
Astravets

Так, мова небагатая мая,
У кожным вершы словы "неба", "хата".
Нажаль, пішу на ёй умоўна я,
Адсюль жыву й умоўна, небагата.

Iду, збіраю словы ў капялюш,
На кроплі-слёзы не звяртаю ўвагі.
Гляджу на неба праз люстэркі луж,
Ня ведаючы ў свеце іншай смагі,

Як адчуваць сябе сярод людзей
Патрэбным, літаральна неабходным,
Каб сэрца вырывалася з грудзей,
Заспетае знянацку словам родным.

06.04.2016
Astravets

Цемра пятлёй на горад,
Горад заплюшчыў вочы.
Вочы не бачаць холад,
Холад паўзе ад ночы.
Ночы хаваюць праўду,
Праўду шукаць не варта.
Варта чакае здраду,
Здраду абвесціць карта.
Карта - шляхі, дарогі.
Рогі даюць за мужнасць.
Мужнасць ад смерці трохі.
Трохі жыцця - каму з нас?
Нас нарадзілі тройчы,
Тройчы памерці нельга.
Нельга заплюшчваць вочы.
Вочы, вяроўка, бэлька...

11.04.2016
(Аstravets)

Нізкія аблокі серады -
Словаў небяспечных вартавыя,
Абняліся ў небе, як браты,
Кожны звесіў космы барады-
Шэрыя, свінцовыя, сівыя.

Вы адкуль такія і куды?
Мне блакіт нябёсаў засланілі
Нізкія аблокі серады,
Сховішча разгубленай вады,
Ад бяды дарэмна баранілі.

Людзі кажуць, што жыццё - вада,
Уцячэ праз пальцы недарэчна.
Хмары, быццам шэрая фата.
Маладая скажа слова "Так!",
А сама збяжыць у Маладзечна.

Сёння асяроддзе - серада,
А ў чацвер не будзе новай казкі.
Я адзін, нібыта сірата,
Прагну лусту сонца-сыра так,
Што даўно не заўважаю пасткі.

14.04.2016
Astravets

Чую твае сляды,
Бачу тваё рэха.
Мне без цябе - куды?
З глузду амаль з'ехаў.

Мне без цябе ніяк,
Сонечным днём шэра.
Ведаеш, я маньяк -
Хлопец з душой звера.

Твой адчуваю пах,
Памятаю рухі.
Да пабачэння, дах,
Гэта мацней пугі.

Зноўку лячу сюды,
Бо на душы вэрхал:
Выпіць твае сляды,
З'есці тваё рэха.

14.04.2016
Astravets

Сярод жыццёвых, простых ісцін
Шукаю колькі год адказ:
Дзе для краіны нашай выйсце,
I што, сябры, чакае нас?

Куды вядзе дарога наша?
Ці можна гэты шлях змяніць?
Калі, як хутка, знікне сажа?
Даколі бруднымі хадзіць?

Вылазяць думкі з-пад алоўка,
Папера - сведка і суддзя.
Салодка нам пяе салоўка,
Але не робіць адкрыцця.

Ня слухаю, што ён пяе там
З часоў пра казку "папіццот".
Складана ўсім, але паэтам
Хапае грошай цот у цот.

15.04.2016
Аstravets

Усюды здрада, здрада і хлусня,
Вакол гаркавы пах салодкай помсты.
Ужо не выратоўвае браня,
Апошні бой складаны і няпросты.

Змагаюся за права быць сабой,
За права выбіраць сваю дарогу.
Сябры мяне саслалі на забой…
Пакуль жывы, трываю, дзякуй Богу.

Але навошта гэтае "пакуль",
Калі вакол мяне дурная слава?
Бягу, лячу насустрач граду куль,
Не гледзячы налева і направа…

Мяне накрые снег сакавіка –
Мяне і бруд, што вылілі пад ногі.
Успамінайце, людзі, дзівака –
Рамантыка зняважанай дарогі.

20.03.2016
Аstravets

Нікога.
Сумны вечар.
Сакавік.
Не думка ў галаве - іржавы цвік:
"Я тут адзін. Але чаму, навошта?"

Ахутвае, бы коўдра, цішыня.
На чорным небе зорная гульня.
На сотні год -
"Ліхтар, дарога... Пошта"

Няўжо маім пакутам не канец?
Чаму я тут? Скажы мне, Астравец,
Чаму ўспрымаю адзіноту востра?

Сумневаў рэха чутна адусюль.
Нясу ў сабе сваіх пытанняў куль,
Масток шукаю, каб пакінуць востраў.

18.03.2016
Аstravets



Сярэдняя: 4.1 (7 галасоў)

Вы чуеце, як снег кладзецца на
Траву, якой не грош цяпер цана,
А нават нешта меншае? Сцяна
Крышталікаў празрыстых ў тры гадзіны
Накрыла горад белаю прасцінай.

Вы бачыце, як горад пасвятлеў?
Ён стаў нібы высакародны леў,
І галаву сваю ўверх уздзеў,
Ні мітусні няма, ні злосці ў руху -
Стаіць, глядзіць і не пакрыўдзіць муху.

А мухі роем кружацца над ім,
Усё ніжэй, ніжэй, як белы дым
Спускаюцца на льва. Ён стаў сівым,
Яшчэ больш задуменным і павольным,
Здаволены ён цудам навакольным.

10.12.2012



Сярэдняя: 5 (1 голас)

Патрэбны ўрокі мовы.
Умовы шакаладныя.
Я не прыму адмовы
ад вас, мае сябры!

У гэтай прапановы
расцэнкі ўсе дакладныя:
магу плаціць за словы,
за кожнае – па тры

(рублi / даляра / еўра) –
вы самі выбіраеце.
Вучоба – гэта нервы,
за гэта і плачу!

Натурай? Ёсць кансервы…
А што вы мне параіце?
Прыйду да гея, сцервы,
бо размаўляць хачу!

17.06.2015