Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Казёл і Муха

Яшчэ не ацэнена

Аднойчы між Казлом і Мухай сіняй
Размова гэткая ў хляве зайшла:
«Заўжды, — сказала Муха, — я была
I буду — вось клянуся! — гераіняй!»
«А што зрабіла ты, спытаць дазволь?»
«Як што! — Няўжо не разумееш?
Ты гэткага зрабіць ніколі не сумееш.
Зірні ўгару. Што бачыш?» — «Столь».
«Дык паспрабуй па ёй над намі
Прайсціся дагары нагамі.
Не ўдасца? То-та ж!» — Сіняя ўзнялася
I паказала нумар свой:
Па столі, сапраўды, ўніз галавой
Прайшлася.
Казёл ажно прысеў. Мякеча: «Вось і на!
А я ў геройстве ейным сумняваўся.
Такая ж спрытная яна!
А што калі і я...» I тут жа разагнаўся,
Падскокнуў угару, дзівак,
Ды грымнуў на падлогу так,
Што свет яму нямілы здаўся.
А Муха паддае: «Вышэй, вышэй бяры»
Выкручвай ногі дагары.
Да столі капытамі дакраніся!»
Казлу ж не да таго, ён ледзь жывы і ўнізе,
Здаецца, што сканае без пары.
«Ты ніву лепей узары,
Дык можа хто й палічыць за героя, —
Заўважыў збоку Вараны, —
А то бярэшся за пустое.
Дурны ты, браце мой, дурны!»

Запомніць кожнаму не шкодзіць:
Герой
Не той,
Хто дагары нагамі ходзіць.