Зараніца ўсмешкай ружы
Грэе берага крыло.
І здаецца, проста ў душу
Льецца Прыпяці святло.
Калі й ты з душою зорнай
І прастораў любіш шыр,
Прыязджай у край азёрны –
Закахаешся ў Мазыр.
Не сталічныя раскошы,
Не палацаў пышных від –
Тваё сэрца заварожыць
Наш палескі краявід.
Нібы духі з добрай казкі –
У ярах туман, імжа.
І бярозкі з божай ласкі –
Як палеская душа.
А завулкі, касагоры –
У кіпенні вішань, груш.
Як нябесныя саборы,
Ззянне бэзу, мальваў, руж.
Недарэмна родны горад
Салаўі так берагуць –
Бо з вяршыні нашых горак
Можна зорку закрануць.
Казкай дзіўнаю Палесся
Горад мой, навек слыві.
І садоў вясенніх песняй
Нашы мары блаславі.
1979