Шэрасць. Млявасць.
Варона - адзіны насычаны колер,
Хоць які...
П'ю гаркавасць -
Салёным сцякае ў сэрца па горле
Ад тугі.
Дзень пад коўдрай
Хавае, пакрыўджаны, вока і вуха
Ад людзей.
Ноччу поўня
Прыцягне з паўночных краёў завіруху -
Намяце...
Будзе ясна!
Па коўдры бялюткай пакрочыць шчаслівы
Новы дзень.
Хутка казка
Калядныя песні на санках руплівых
Прывязе!