Колькі ж ў наваколлі прыгажосці!
Неба нават цешыцца, калі
Восень, заляцеўшая у госці,
Крочыць гаспадыняй па зямлі!
Лоўка, бы мастак які, малюе,
Змешваючы золата і медзь,
І сама клапоціцца-пільнуе,
Каб да маразоў усё паспець:
Каб падбавіць спеласці у косы
Сонейкам аблашчаных бяроз,
І адправіць ветрыкі з нябёсаў
Клеіць павуціначкі на нос.
Каб пад ногі кінуць дар багаты,
Абыйшоўшы сад і агарод…
Што за казка - восеньскае свята!
Што за дзіва - лісця карагод!
А лясы! А водары грыбныя!
А прасторы сцішаных палёў!
І над імі – смута настальгіі
Ў развітальным плачы жураўлёў…
А мо хтось у восень не ўлюблёны?
Самы час у паркі завітаць
І напіцца радасці ад клёнаў,
Што чароўным светам зіхацяць!
Ды калісьці ў зімні дзень халодны
Зноў душу ўспамінамі сагрэць
І прыпомніць, што за асалода –
Лісцем абляцелым шамацець!