1. Аблога
Ноч халодная... Крыкі і крокі,
Хтось нябачны стаіць за акном,
Нехта змрочны, чужы і высокі
Аж да рання вартуе мой дом.
У пакоі — адзін я. Лагодна
Ззяе ветах на небе... Маўчу...
I, прамоклы, худы і галодны,
Безупынку за госцем сачу.
Хвілі часу — бы вострыя спіцы.
Жахам ноч маё поўніць жыццё,
I нябачная воку ігліца.
Упіваецца ў сэрца маё.
2. Уцёкі
Я, знямоглы, паўзу праз туман
Да святочнай айчыннай дубровы.
I струменіцца кроў з маіх ран
На імхі і на дол вечаровы.
Жаўрукі не пяюць нада мной.
Толькі мне паміраць яшчэ рана.
Я стаміўся жыць праўдай чужой
Пад уладай забойцы-тырана.
Ды бліжэй да мяне ўсё тыран,
Чую подых яго нада мною.
Я, знямоглы, паўзу праз туман...
Дзень гарачы сплывае крывёю.
3. Пакаранне
Смерці выбраннік, ляжу я на пласе самотны,
Молячы Бога, каб даў мне цярпенне і сілы
Цвёрда ступіць у хаўрусную цемру магілы,
Жахі і роспач змагчы ў гэты час мой смяротны.
Дзень адплываў, дзень агнём дагараў
незваротны.
Чуліся гукі трубы, пахавальныя спевы
Хору дзяўчат маладых... Вецер прагна разносіў
Спеў іх дзівосны па вулках... I гордая восень
Вецце зрывала, у злосці ламаючы дрэвы.
Чуліся крыкі пракляцця, надзеі і гневу.
Даў бы хто крыж — цалаваў бы за маці і веру.
Ды не пачуюць. I кроў на зямлі запяклася...
He, не мая, а чужая. Уявіў я сякеру,
Што ў гэты міг над маёй галавой узнялася.
Я не адзін, нас мільёны ляжала на пласе.
Млосна зрабілася. Вусны мае задрыжалі.
«Гэта — усё...» Мітусіліся роспачна мроі...
З жаху прачнуўся я, кінуўшы коўдру і шалі
Прэч ад сябе... Гэта ж я ахвярую сабою.
Светла і ціха было ў халодным пакоі.
Я падышоў да акна... Залацілася восень.
У хованкі дзеці ў парку забаўна гулялі.
Дзед мой прыпомніўся мне...
Каляндарны лісток... 38 —
Год ракавы... Мы вяртання так доўга чакалі.
У трыццаць восьмым — яго расстралялі.
...........................................................
Смерці выбраннік, ляжаў на смяротнай я шалі.
4. Нявінныя целы
У нетрах, між карэнняў траў і дрэў,
Застыў дзявочы смех, жаночы спеў.
Замест вачэй глядзяць на свет вачніцы,
Ды ім не свецяць зоркі-вечарніцы.
Над імі ноч і цёмны бор шуміць,
I птушкі сон іх песнямі люляюць.
А стрэлы і сягоння не змаўкаюць,
I вусны неба прамаўляюць: «ЖЫЦЬ...»
5. Вяртанне
Тупат ног і шэпт літанняў...
Спалатнелы бачу твар.
To — вяртаюцца з выгнання
Душы мёртвыя ахвяр.
Рукі скуты ланцугамі,
Джаляць ногі кайданы.
Спарахнелымі рукамі
Сонца кратаюць яны...
I гучыць у наваколлі
Іхні шэпт, нібы набат:
«Дайце сонца! Дайце волі!
Нам абрыдзеў бразгат крат!.. »
6. Суд
...I калі раскапаюць травою зарослыя ямы —
Выйдуць змрочныя здані да сонца з халоднай
зямлі.
Загалосяць яны, зазвіняць на ўвесь свет
кайданамі
I папросяць у Бога, каб катаў на суд прывялі.
Сотні, тысячы сотняў, мільёны нявінных ахвяраў,
Што здабычаю сталі знявагі і дзікай маны...
I збялеюць у катаў і ў служак іх сытыя твары,
I папросяць збавення і літасці ў Бога яны.
Ды адкажа ім Бог: «...Не суддзя вам...
Вось вашыя суддзі.
Ім ваш лёс вырашаць, ім — над вамі чыніць
свой прысуд...»
Нехта крыкне з натоўпу: «Даруйце ім,
добрыя людзі!..»
...I даруе, усё ім даруе падмануты люд.