|
Курапаты
1. Аблога
Ноч халодная... Крыкі і крокі,
Хтось нябачны стаіць за акном,
Нехта змрочны, чужы і высокі
Аж да рання вартуе мой дом.
У пакоі — адзін я. Лагодна
Ззяе ветах на небе... Маўчу...
I, прамоклы, худы і галодны,
Безупынку за госцем сачу.
Хвілі часу — бы вострыя спіцы.
Жахам ноч маё поўніць жыццё,
I нябачная воку ігліца.
Упіваецца ў сэрца маё.
2. Уцёкі
Я, знямоглы, паўзу праз туман
Да святочнай айчыннай дубровы.
I струменіцца кроў з маіх ран
На імхі і на дол вечаровы.
Жаўрукі не пяюць нада мной.
Толькі мне паміраць яшчэ рана.
Я стаміўся жыць праўдай чужой
Пад уладай забойцы-тырана.
Ды бліжэй да мяне ўсё тыран,
Чую подых яго нада мною.
Я, знямоглы, паўзу праз туман...
Дзень гарачы сплывае крывёю.
3. Пакаранне
Смерці выбраннік, ляжу я на пласе самотны,
Молячы Бога, каб даў мне цярпенне і сілы
Цвёрда ступіць у хаўрусную цемру магілы,
Жахі і роспач змагчы ў гэты час мой смяротны.
Дзень адплываў, дзень агнём дагараў
незваротны.
Чуліся гукі трубы, пахавальныя спевы
Хору дзяўчат маладых... Вецер прагна разносіў
Спеў іх дзівосны па вулках... I гордая восень
Вецце зрывала, у злосці ламаючы дрэвы.
Чуліся крыкі пракляцця, надзеі і гневу.
Даў бы хто крыж — цалаваў бы за маці і веру.
Ды не пачуюць. I кроў на зямлі запяклася...
He, не мая, а чужая. Уявіў я сякеру,
Што ў гэты міг над маёй галавой узнялася.
Я не адзін, нас мільёны ляжала на пласе.
Млосна зрабілася. Вусны мае задрыжалі.
«Гэта — усё...» Мітусіліся роспачна мроі...
З жаху прачнуўся я, кінуўшы коўдру і шалі
Прэч ад сябе... Гэта ж я ахвярую сабою.
Светла і ціха было ў халодным пакоі.
Я падышоў да акна... Залацілася восень.
У хованкі дзеці ў парку забаўна гулялі.
Дзед мой прыпомніўся мне...
Каляндарны лісток... 38 —
Год ракавы... Мы вяртання так доўга чакалі.
У трыццаць восьмым — яго расстралялі.
...........................................................
Смерці выбраннік, ляжаў на смяротнай я шалі.
4. Нявінныя целы
У нетрах, між карэнняў траў і дрэў,
Застыў дзявочы смех, жаночы спеў.
Замест вачэй глядзяць на свет вачніцы,
Ды ім не свецяць зоркі-вечарніцы.
Над імі ноч і цёмны бор шуміць,
I птушкі сон іх песнямі люляюць.
А стрэлы і сягоння не змаўкаюць,
I вусны неба прамаўляюць: «ЖЫЦЬ...»
5. Вяртанне
Тупат ног і шэпт літанняў...
Спалатнелы бачу твар.
To — вяртаюцца з выгнання
Душы мёртвыя ахвяр.
Рукі скуты ланцугамі,
Джаляць ногі кайданы.
Спарахнелымі рукамі
Сонца кратаюць яны...
I гучыць у наваколлі
Іхні шэпт, нібы набат:
«Дайце сонца! Дайце волі!
Нам абрыдзеў бразгат крат!.. »
6. Суд
...I калі раскапаюць травою зарослыя ямы —
Выйдуць змрочныя здані да сонца з халоднай
зямлі.
Загалосяць яны, зазвіняць на ўвесь свет
кайданамі
I папросяць у Бога, каб катаў на суд прывялі.
Сотні, тысячы сотняў, мільёны нявінных ахвяраў,
Што здабычаю сталі знявагі і дзікай маны...
I збялеюць у катаў і ў служак іх сытыя твары,
I папросяць збавення і літасці ў Бога яны.
Ды адкажа ім Бог: «...Не суддзя вам...
Вось вашыя суддзі.
Ім ваш лёс вырашаць, ім — над вамі чыніць
свой прысуд...»
Нехта крыкне з натоўпу: «Даруйце ім,
добрыя людзі!..»
...I даруе, усё ім даруе падмануты люд.
1
«Чорны воран», чорны, кляты,
Пад’язджаў пад Курапаты.
Перад ім, як чужаземка,
Фыркала бензінам «эмка».
Ды зусім не чужаземцы
Ехалі ў віхлястай «эмцы».
Бартавы пазвягваў шворан:
Разгружаўся «чорны воран»,
Кат руплівеў на зарплаце
(Норму перавыканае —
ордэн адхваціць):
«Станавіся!..» — роў стакраты
I —
ні слова лішняга, —
He з міндальнічання калішняга
Курапаты...
2
«А людцы ж мае, а Божа!..» —
Людзей не ўспамінаць
калгаснік з-пад Слуцка
не можа,
Ды аглушаны ўшчэнт Курапаты:
Расстрэлы год пяты,
I не да літання кату:
«Калі ты — тут, значыцца, —
вінаваты!..»
Вінаваты кожны, хто не баіцца,
У вачах каго — сляза спачування
іскрыцца,
Хто не стукач, не падслухач-падлюга —
Даносаў поўная глюга!..
Жывеш без дрыжання, без страху,
Ды пад уласным дахам?..
Уласнік! Кулак!
Сотаму закажаш, баяцца трэба як!..
Цябе падмануўшы,
Зямлю забраўшы, свабоду, —
Ты не баішся, — цябе баіцца
Бацька народаў;
Падманутыя сама,
А што, як запрагнуць адплаты,
Дык лепш — у яму:
Прымайце, Курапаты!
Прымай, зямля,
Калі яны цябе любяць!..
Бо што, як касу назубяць?!
Косы ж кляпаць умеюць,
Рукі маюць,
ходзяць, глядзяць, разумеюць.
Жонак маюць, дзяцей, хату,
Ды яшчэ беларусы...
Вінаваты!
Вінаваты, што рэвалюцыяй, Леніным
хрышчоны,
Што ўвогуле нараджоны,
Кожны — вораг народа свайго закляты,
Вінаваты!
Ці хопіць яшчэ на іх Курапатаў?!
Б'е трыццаць сёмы і праз пяцьдзесят
Спрэс расстралянай памяццю людскою
I сотнямі мясцовых Курапат,
Якім праз век не зарасці травою.
Хаця няма там помнікаў, крыжоў —
Людзей без сведкаў ноччу забівалі,
Ды час расплаты катам надышоў —
З магіл «народа ворагі» паўсталі.
Паўсталі мёртвыя на праведны свой суд
Над ворагам народа і жывымі
Забойцамі, хто чорны свой прысуд
Вяршыў, як Гітлер,
Толькі над сваімі.
Страляць у твар баяліся, аднак,
Каб не сустрэць нямых дакораў зроку.
I білі напавал,
і білі так,
Каб памяці не асвятліць —
у змроку.
Касцей шарэнгі-сведкі, чарапоў:
Жанчыны з дзецьмі, смертнікі-мужчыны,
Жахлівы прывід тых начных слядоў
Бесчалавечнай,
сталінскай машыны.
I чорны жах на тварах у сясцёр
I іх братоў, якіх не стала заўтра —
Раскінуў гільяціны новы ўзор
Маньяк крыві, яе класічны аўтар,
Душ чалавечых новы Герастрат —
О змрочны час «шчаслівае» эпохі...
Дзе самы чалавечны ў свеце лад
Мільёны душ закінуў у астрогі.
Вы не забыты, вязні праваты.
Прыйшлі назваць забойцаў паіменна,
Каб з імі поруч стаў іх правадыр
На суд...
прад мёртвымі...
На суд жывых
Свяшчэнны.
|