Барсук, Кабан, Мядзведзі два
I рыжая Лісіца
Рашылі ляда карчаваць
Пад проса і пшаніцу.
Пакуль там аглядалі пні
I плошчу вымяралі,
Ліса з усімі дзень пры дні
Хвастом між пнёў віляла.
Аднак, як дружны калектыў
Узяўся за работу,
Ліса хавалася ў кусты
Або ў цянёк пад плотам.
Пад восень проса аж гудзе,
Шуміць, як гай, пшаніца,
З усіх лясоў звяры штодзень
Прыходзяць падзівіцца.
Калі ж сабраліся ўсе
Аднойчы у бяседзе,
То ўдалося і Лісе
Сказаць пасля Мядзведзя:
— Мы працавалі, што краты, —
Старанна і з натхненнем!
Я п'ю за дружны калектыў,
За нашы дасягненні!
_______________________
Мне давялося сустракаць
Такіх людзей ліслівых,
Якія ўмеюць раздзяляць
Здабыткі калектыву.