Па законах мастацтва паэт вінен быць хворы псіхічна,
Каб не саромеючыся сьмяяцца па-ідыёцку
Зь таго, што звычайна падаецца шмат больш чым ляґічным
І таемна страсаць зь вачэй адзіную слёзку.
Па законах мастацтва, паэт вінен быць бедным,
Бо да багатых адразу ж ставяцца падазрона.
Таксама патрэбна быць і жорсткім, і пекным,
Галоўнае тут - не быць белай варонай.
Па законах мастацтва, паэту патрэбна шукаць падарожжаў.
Асабліва на свой найцудоўнейшы зад.
І выкручвацца самому, у гэтым стварэньні бязьмежжа,
Нібы ў вайну аднаму зь салдат.
Па законах мастацтва, паэт вінен пісаць пра палітыку,
Бо гэта адзіны анекдот, які можна расказваць вечна.
Яшчэ наўрад ці хто возьме адказнасьць за крытыку,
Бо патрапіць можна і пад артыкул, канешне.
Па законах мастацтва, паэт вінен быць... проста паэтам.
Каб сабой узмацняць усесусьветны катарсіс.
Пляваць як сьпявае: пяшчотна, зь імпэтам.
Законы мастацтва. Усё. Lege artіs.