( З серыі "Легенды Беларусі)
Напісана па матывах народных паданняў і сказаў.
Калісьці ў даўнія часіны
На нашых землях жыў мужчына
І называлі яго Властам.
ІмЯ такое чуць не часта
Цяпер даводзіцца. Дарэчы
Заможны быў ён, не з галечы.
І меў яшчэ ён тры дачужкі,
Такія ладныя, як птушкі.
Дзяўчатак звалі Здана, Млява,
Найпрыгажэйшай і рухавай
Была з іх трэцяя сястрыца,
Зязюля. Спраўнаю майстрыцай
На рукі ўсе яна была.
І Мляву зайздрасць узяла,
Як быццам нейкая праява
Найшла. У спёку была справа:
Пайшлі купацца да вадзіцы
Пад вечар лецейкам сятрыцы.
Адзенне наспех паскідалі,
Давай пляскацца ў чыстай хвалі.
І скарыстаўшы мітусьню
Млява задумала хлусню.
Зязюлі вопратку прыбрала
І затапіла. Не сказала.
А тут аднекуль навальніца.
Дамоў пусціліся сястрыцы.
Зязюля збегчы не паспела,
Адзенне адшукаць хацела…
А вецер свішча - страх глядзець.
І хмара з громам, як мядзведзь,
Усю ваколіцу зацьміла.
Дзяўчына рукі заламіла
Галосіць у роспачы і плача.
І тут на дзіва, не іначай,
Выходзіць з возера хлапец
Прыгожы, статны маладзец.
Нясе Зязюліна адзенне.
І хмара знікла ў імгненне
Кудысьці разам з навальніцай.
А вочы хлопца, як крыніцы,
Зязюлю хвалямі накрылі
І ў паніча таго ўлюбілі.
Бо ён не просты быў юнак,
Закляты княжыч. Мабыць так.
Дзяўчына з ім і засталася.
У палац крыштальны падалася,
І сталі жыць яны счасліва
Усім вужам, смаўжам на дзіва...
Ці год, ці два прайшло, мо болей
І сум Зязюлечку адолеў -
Так захацела ўбачыць маці,
Сястрыц і бацьцу ў роднай хаце.
Давай каханага прасіць,
Наведаць родных адпусціць.
Згадзіўся той пусціць жанчыну,
Але і вызначыў часіну
Назад вярнуцца да заходу:
«Толькі сама не лезь у воду,
А тры разы пакліч мяне,
Інакш нас ліха не міне.
На голас выпаўзе вужака
Ты не пужайся небараку,
Бо не сапраўдны будзе вуж,
А я, Якуб твой, любы муж.
Я правяду цябе дадому
Назад у палацавы харомы....»
І пагадзіліся на гэтым.
Устала жонка чуць з-за свету
І заспяшалася ў дарогу,
Да роднай хаты. Ля парогу,
Сустрэла маці, абняла
І тая ў хату павяла.
Дачку, як госцю, частавалі
Усё падрабязна распыталі,
Што з ёю здарылася, дзе
Жыве адна ці ў грамадзе?
Пра ўсё Зязюля спавядала,
А пра вяртанне прамаўчала.
Пайшла з матуляю да зруба,
Там ёй сказала пра Якуба.
Млява падслухала гаворку
Узяла сякеру і з надворку
Хутчэй пабегла да затокі.
І там давай «Якуб!» галёкаць.
Калі той выплыў з асакі,
Млява з размаху ў дзве рукі
Яго сякерай засякла
І з тых мясцінаў уцякла.
Праз лес ужо Зязюля бегла
Каб скараціць дамоў адлегласць,
Як быццам сэрцам адчувала,
Што мужа любага не стала.
Прыпала ніцма да вады
І зваць давай: «Якуб! Сюды!»
Але маўчала наваколле…
І ці то з гора, ці то з болю
Ператварылася ў птушку...
Адны завуць яе кукушкай,
А мы зязюляй называем.
Да гэтых пор яна лятае.
«Якуб! Якуб!» крычыць і кліча...
А мы гады па гэтым лічым.
© Copyright: Людмила Воронова Супрун, 2016
Свидетельство о публикации №116112410868