Ліпень
Ліпень прыйшоў са спякотай,
З водарам летуценняў.
Лесу нячутна, употай
Сыпнуў суніцы жменяй.
Ветрыкам і стрыжатам
Падараваў моц крылаў,
Сум пасадзіў за краты,
Каб па жыцці фарціла.
Дожджыку даў лагоду,
Жыту наліў калоссе,
Пчолкам - няктар для мёду -
Соладка каб жылося.
Ліпу ўвабраў у вэлюм.
Назва з нагоды гэтай -
Ліпень у кветках хмелю,
Месяц паловы лета.