Талачынская старонка,
Любы сэрцу край,
Без цябе мне жыць няёмка,-
Вестачку падай.
Ці калыша ветрык жыта
На далонь-палях,
Ці чаруе шчэ блакітам
Даўгунцу абсяг?
Ці звініць з вясны ў дубравах
Птушак разгалос,
Ці ляжыць у росных травах
З раніцы пракос?
Ці выходзіць ў поле статак
На мурог-траву,
Ці прыносіць бусел ў хаты
Цуда-дзетвару?
Ці шчабечуць тыя дзеткі,
Ходзячы пад стол,
Ці бягуць, затым, падлеткі,
Да бліжэйшых школ?
А ці поўніцца вадою
Ад прытокаў Друць,
Ці красуецца царквою
Старажытны Друцк?
(Чуў я чутку, што знайшліся
Колькі землякоў,
Аднавіць царкву ўзяліся,
Што была з вякоў.
Справу добрую зрабілі
І прыўнеслі плён
Тым, што памяць абудзілі
Гістарычных дзён.
Дай жа сіл тым хлопцам, Божа,
Справу давяршыць,
Праз Прачыстай храм прыгожы
Друччыну ўзрадзіць).
На радзіму я прыеду
Сэрцам адпачыць,
Бо, вядома ж, што не хлебам
Мусім толькі жыць.
На бацькоўскія магілы
Споведзь прынясу,
Без утойкі перад імі
Адпушчу слязу.
З медальёнаў: позірк чысты
Бацькавых вачэй,
І матулін – прамяністы.
Мне ад іх лягчэй.
Тут Пасеевы, Грамыкі
Ў вечнасць адыйшлі.
Прад іх памяццю вялікай
Гнуся да зямлі.
А затым – да вёскі роднай
Цераз лес, лужок,
Каб глынуць вады халоднай
Ды абняць дубок,
Што ля студні, перад хатай,
З бацькам пасадзіў,
Шчэ як быў хлапчук кірпаты
І не бачыў дзіў.
Дакрануся да каліны,
Побач што з вярбой.
Я яе для мамы Ліны
Пасадзіў з сястрой.
Пагляджу на родны ганак,
Старт з якога ўзяў,
Ды ўзгадаю, як пад ранак
З гуляў прыбягаў.
Зноў душа мая ўстрапеча
Прад былым жыццём …
Хай жа памяць будзе вечнай
Аб табе, мой дом.
*
Мне Халопкавічы – маці,
Бацька – Талачын.
Роднае я ім дзіцяці,
Але ж блудны сын.