Мне б у роднай хаце легчы на палаці
Ды сучкі на столі ўсе пералічыць.
Як было і колісь, кожны з іх памацаць,
Праз дзяцінства далеч памяць абудзіць.
Узгадаць пры гэтым тыя зімы, леты,
Калі вершык першы пад падушку лёг.
Ён каханнем ў сэрцы быў маім сагрэты,
Трапяткі ды кволы, быццам матылёк.
Успамінам чыстым, для душы шчымлівым,
Зноў пачуць жаночы на дажынках спеў,
Шматгалоссем стройным, гнуткім пералівам,
Што, як бусел, кругам у прастор ляцеў.
Ад кароўкі б Пчолкі выпіць сырадою,
Бульбачку камамі з сальцам частаваць.
Зноў братоў пабачыць з меньшаю сястрою,
Ды бацькам з падзякай рукі цалаваць.
Мне б адчуць утульнасть ад цяпла пячнога
Дзён былых марозных і завейных зім...
Ды не перайду я роднага парогу,
Бо чужыя людзі ўжо жывуць за ім.