Ліхтар нябесны і ліхтар зямны
ўсю ноч не спяць – штоміг праводзяць зверку:
усё глядзяць, ці роўныя яны, –
і кожны бачыць іншага люстэркам.
А параўнаўшы яркасць і памер,
абодва лічаць: гэны – мне не роўня!
Ліхтар для поўні – вулічны таршэр,
які на шар падобнай бачыць поўню.
Каб не адстаць адзін ад аднаго,
два ліхтары – дзве поўні – два свяцілы –
дзеля прывабы погляду майго
адной агульнай дзейнічаюць сілай.
Таму я іх аднолькава люблю –
за тое, што ў начы чарнільна-сіняй
святло з вышынь ліецца на зямлю,
святло з зямлі струменіцца ў вышыні.
25.02.2013