Бары і дубровы – краса Беларусі,
І песня, і казка, і звон таямніцы...
Я сцежкай лясной у маркоце прайдуся –
Ажывіць душу цёплы водар жывіцы.
Тут сэрцам дабрэю і крыўды не помню.
Бялее бярозка, як стан у дзяўчыны.
Цалуюць-мілуюць і ветрык, і промні...
І вабяць грыбныя мяне баравіны.
Лясы Беларусі, душа Белай Русі,
Я з першага позірку ў вас закаханы.
Сунічным спакоем без лекаў лячуся,
Бальзамам гаю боль сардэчны і раны.
Лясы Беларусі, бары і дубровы,
Багун, вербалоз і асінавы гай...
Якія дзівосныя родныя словы
Ўвабраў у сябе і мой лес, і мой край.