Ад беларускае гаворкі,
Нібы ад поснае куцці,
Скрывіўся мой размоўца горка
І цыгарэтны дым пусціў.
Не горкі дым, а позірк горкі
Мяне муціў і засмуціў:
Да беларускае гаворкі
Яму расці яшчэ, расці...
Мне стала прыкра і няёмка
За суайчынніка свайго.
Відаць, бацькоўская старонка
Зусім чужая для яго.
Я мовіў як не дзве гадзіны
Пра край наш, аб яго жыцці
І зразумеў, што й да радзімы
Размоўцу трэба дарасці.
Ён слухаў і не чуў нічога
І рваўся ўсё скарэй пайсці,
А я адчуў, што і да Бога
Размоўцу трэба дарасці.
Канец 20 стагоддзя