Далонь напрацаваная, святая -
Мая зямля. Па рэках, што на ёй,
Напоўненых вадою, бы крывёй,
Я пра яе гісторыю чытаю.
На поўначы лягла на той далоні
Празрыстая і звонкая струна -
Блакітная Заходняя Дзвіна,
Як рыса сэрца - велічы ўлонне.
Тут гадавалася крывіцкая дзяржава,
Тут выспявалі мова і народ,
А на Палоце Рагвалодаў род
Паклаў пачатак гонару і славы.
Ад поўначы на поўдзень - рыса лёсу,
Дняпро павольны мые берагі,
Нібыта лук, магутны і тугі,
Нацягнуты далонямі калоса.
Хрыбет зямлі, рубеж, ваяр і веснік,
І шлях, які асвоены спрадвек,
Як патрыярх сярод славянскіх рэк
Ён лёс народаў на стагоддзі крэсліць.
Няспешная задумлівая Прыпяць
На поўдні льецца лініяй жыцця,
Праз твань і багны мкнецца на прасцяг,
Каб чашу поўную няпростай долі выпіць.
Не раз адзін перажыла навалу,
Набегі ворагаў, чарнобыльскую суш,
Ды вытрвала паміж палескіх пушч,
Крывёй сваёю мужнасць ўзгадавала.
А лінія душы, свавольны Нёман
На захадзе прастуе хуткі крок,
Як будучыні нашае выток -
Шлях у Еўропу - даўні і знаёмы.
14.12.2011
Нічога па форме для дакору не
Нічога па форме для дакору не знайсці. Бездакорнае, на мой погляд, у гэтым сэнсе абсалютна.
І агульны сэнс у славу Радзімы праз яе гісторыю таксама бездакорны.
Але суцэльна верш не успрымаецца як след, зноў жа ш толькі на мой погляд.
Верш такога памеру павінен мець сюжэт, альбо доказ тэарэмы на крайні выпадак.
грамадзянская мысленне,
грамадзянская мысленне, цудоўная паэтыка і глыбіня.
Вельмі спадабалася: Далонь
Вельмі спадабалася: Далонь напрацаваная, святая- мая зямля.
І рэкі, кожная са сваім прыгожым параўнаннем...
А лінія душы, свавольны Нёман---я ў захапленні ад вашых вершаў! Дзякуй.
"Кожны яр — нібы лёсу
"Кожны яр — нібы лёсу расколіна
На Палесся ўчарнелай далоні"./Зборнік вершаў 1995 г/
Вобраз далоні, мякка кажучы, пазычаны ў Ніны Аксёнчык.
Яры заменены на рэкі.
На свой сорам, не чытала Ніну
На свой сорам, не чытала Ніну Аксёнчык. Зараз гляну. А што, у яе таксама алюзія да рыс далоні і іх значэння ў хірамантыі? Калі так - дык ёй рэспект за веды!
"На свой сорам, не чытала
"На свой сорам, не чытала Ніну Аксёнчык". Верш выкладзены ў неце даўно.
А не ведаць творчасць Ніны Аксёнчык (паэзія, жывапіс, яе "сатыра ў барацьбе за Беларусь")- Так можа напісаць толькі....беларус. Сваё не ведаем, не цэнім, не ганарымся--затое прасмыкаемся перад "Віцебшчынай Шагала" і рознымі СУЧаснымі бахурэвічамі і тп. А пасля рытарычна пытаемся: чаму гіне Бацькаўшчына?!
"Сваё не ведаем, не цэнім, не
"Сваё не ведаем, не цэнім, не ганарымся" - гэта Вы пра каго? Пра аўтара верша "Рэкі"? Не смяшыце мае тапачкі! І не кажыце таго, чаго не ведаеце.
І наогул, адкуль столькі злосці? Здаецца, у Паляшука - жаночае імя? Таму і абурэнне такое, што хтосьці не чытаў яе верша?
Ой, лепей не чытайце. Сорам -
Ой, лепей не чытайце. Сорам - тое, што яна піша.
Накладзіце звесткі хірамантыі
Накладзіце звесткі хірамантыі на карту Беларусі, якая мае форму далоні. Я нічога не прыдумала, гэта - лёс.
Дзякуй шчыры за ацэнку
Дзякуй шчыры за ацэнку вершаў. Хутка выйдзе кніга. Там яшчэ тры паэмы. Усё напісала за апошнія некалькі месяцаў.