|
Святлана Куль
"Ты не той, што павінны. Памылка, мана.
Не такога прыдумалі продкі.
Тройца Вас, ды ўсё роўна - памылка адна,
І адна на траіх перад намі віна
За падман, за лухту і бразготкі.
Мы плацілі за хрост, мы плацілі за дол,
Мы маліліся прагна аб долі,
Будавалі царкву, уздымалі касцёл,
Я шукаў, ды нідзе я цябе не знайшоў -
Ні ў царкве не жывёш, ні ў касцёле.
Што Ты даў? Што прынёс? Дзе, калі падтрымаў?
Толькі браў беззваротна і хлусіў.
Ты падманшчык, Цябе ў гэтым свеце няма,
Памыліўся паэт, напісаўшы дарма,
Што жывёш на маёй Беларусі."
І плячыма звярнуўшыся да алтара,
Не схіліўшы пакорліва шыю,
Выйшаў з храма, а потым праз браму з двара,
Пацягнуўся рукою, ды ўжо не пара
Пажагнацца: не бачаць святыя.
Апасля, адчуваючы сорам і страх,
Слупянеў перад родным парогам:
Новым гонтам падшыты красуецца дах,
А на тыне вароты пяюць у пазах
І ад дома - сляды на дарогу.
Ды няпростыя пылам віліся сляды:
Кожны ззяў, як ікона святая,
І па іх, як па нітцы, пайшоў ён тады,
Каб шукаць, каб знайсці і вярнуць назаўжды
Зноў у покуць, дзе дошка пустая.
ajsa, 2.04.2012.
У час, калі золак расквеціць дахоўку Манмартра,
У мажнай гандляркі, крыклівай, як бойкі пірат,
Пад рыначны вэрхал, ману, непрыстойныя жарты
Вы купіце бручку, фасоль і зялёны шпінат.
А на медзякі, што сагрэты ў паколатых пальцах,
Якімі Вы шыеце іншым да шлюбаў убор,
Кавалак бараніны купіце, таннага смальцу,
І яблык чырвоных, латук і адзін памідор.
Па лесвіцы вузкай, прыступкі палічачы ўпарта,
Нібыта здабычу, пакупкі ўнясеце ў пакой,
Напевам масніц вас сустрэне малая мансарда,
Згатуецца ежа, і будзе святочны настрой.
Закрэхчуць прыступкі пад моцнай юнацкай нагою,
Ён прыйдзе, прапахлы парфумамі іншых кабет,
Бліжэй да абеду. І ў Вашым мансардным пакоі
Вам стане ўтульней у дыме яго цыгарэт.
Нібы нацюрморт, заіграюць святочныя стравы,
Пяройдзе ў вячэру абед, як заўжды, спакваля,
І танным віном, маладым і да скомы гаркавым
Падасца каханне, што будзе між вас апасля.
Ужо адкахаўшы, ён скажа, што ў нейкім бардэле,
На Ру Сан-Вінсэнт або Ру (во ,забыўся!) дэ Сол,
Такія знайшоў ён для новых палотнаў мадэлі,
Там што ні дзяўчына - сапраўдны нябесны анёл!
А потым засне каля Вас у мансардзе пахілай.
Мастак і каханы. Да раніцы будзе адзін:
Вы возьмеце з шафы далёка схаваныя крылы,
І ў ноч паляціце па фарбы для новых карцін.
ajsa, 15.3.2012.
Зміцеру Яцкевічу
Бурмістр задумліва маўчаў,
Войт толькі соп і хмурыў бровы,
На тварах райцаў быў адчай,
А пісару адняла мову.
"Ну, што рабіць? Яны ідуць.
Іх, мабыць, тысяч з гакам трыццаць,
І нам, як ты не каламуць,
Ад гэтай зграі не адбіцца"-
Бурмістр скубаў у барадзе.
Вайна па свету карагодзіць.
То шведы, то маскаль ідзе -
Сваволяць, як свіння ў гародзе,
А Магілёў - то за Пятра,
То Карлу браму адчыняе,
Ці то маскаль крычыць "Ура!",
То швед курганы насыпае.
І вось па карлавых слядах
Маскоўскі цар ідзе ў горад:
Віталі шведаў?Дык па дах
Каўтнёце бізуноў і гора.
"А можа неяк падкупіць?
Маскаль ахвоч да падарункаў."
"На трыццаць тысяч - дзе ж здабыць
Такую процьму пачастунку?"
"У гэтым годзе недарод ,
Дзе ўзяць на столькі горлаў мяса?"-
Пытанні, нібы азярод,
Гародзіў магістрат няшчасны.
Але знянацку праз вусы
Стары прамовіў Федаровіч:
"Слабое жыта, дрэнь аўсы,
Затое, во! - ячмень народзіў!
Не маем грошай падкупіць -
Маскаль хаця і надта хцівы,
А звыклы на халяву піць.
Дык мы яго сустрэнем півам!"
Гудзе, бы вулей, Магілёў:
Нябачанае ў свеце дзіва,
Каб да прыходу маскалёў
Зварыць такую процьму піва.
Але ад ратушы загад!
Ды што загад! Шкада галоваў!
Разводзяць солад брат і сват,
А горад - як вялізны бровар.
Зварылі. Сталі ў пагатоў
Бурмістр і войт, і рада з лавай...
Цар не пайшоў на Магілёў,
А рушыў проста на Палтаву.
Няма цароў і каралёў,
А не забыўся час шчаслівы -
Як за здароўе маскалёў
Тры тыдні дапівалі піва.
ajsa, 17-18.08.2011
Не спяшайся, прысядзь на мінутку,
Пачакае прызначаны шлях,
Я прынесла табе незабудкі,
Што назолку збірала ў палях.
Свет вялізны! Дарогі-сцяжыны
Унясуць за круты небасхіл
Маладога саколіка-сына
Ад матулі, ад родных магіл.
Маеш розум, сумленне і крылы,
Будуць светлымі ночы і дні,
Можа недзе ля Ганга ці Ніла
У блакітную далеч зірні.
Што жыццё табе наканавала?
Можа цяжкую долю ля гор?
Ды і там, ля каменняў Урала
Углядзіся ў глыбіні азёр,
У блакіт незапэцканы, чысты,
Нібы рэкі радзімы тваёй,
Там, дзе слёзы крыніцы празрыстай,
Там, дзе цёплы туман над зямлёй,
Дзе бацькоўская хата прытуліць,
Дзе антонаўка спее ў садах,
Дзе блакітныя вочы матулі
У далёкі ўглядаюцца шлях.
Час ляціць ці павольна ці хутка,
Многа ў свеце дзівос і спакус.
Хай жа гонар дадуць незабудкі
Не забыцца, што ты - беларус!
14.08.12.
(Айса)
|