Магчыма, калісьці…
Магчыма, ніколі…
Гасподзь, мне якую Ты
Выкраіў долю?
Люляла калыскі.
Кахала. Цярпела.
У вогнішчы помсты
І здрады гарэла.
Шукала. Ці тое?
Пісала. Дзе сшытак?
Сумненні — адзіны
Стабільны здабытак.
Пад белаю столлю
Аркуш — белы-белы,
А думак радзіны
Шчэ не падаспелі.
Дакорліва стукне
Ў акенца таполя:
— Народзяцца думкі твае
Ці — ніколі?..