Каляроваю крэдай дзяўчынкі
На асфальце крэсляць малюнкі:
Мудрагелістыя карункі,
Разнастайныя павуцінкі.
Усе выходзіць так спрытна, умела.
Я цікаўлюся:-Што гэта, дзеткі?
-Гэта водар, якім пахнуць кветкі!
Няўжо табе не зразумела?
-Ну, а гэта што? –Гэта вецер!
Ён сарваўся з яловай галінкі.
І смяюцца з мяне дзяўчынкі.
Быццам я першы дурань у свеце.
Вы жывеце на іншай планеце.
Ваш сусвет каляровы, не злы.
І калі я быў, як вы малы,
Я таксама мог убачыць вецер…