Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Мара

Сярэдняя: 4.5 (4 галасоў)

Думкi цяжкiя крэмзаюць сэрца.
...Каля хатачкi дождж расквiтае,
а ля печы так добра сядзець мне,
Хай душа з галавой спачываюць...

Супакоiцца дождж, стане дробным,
Вось тады пайду ў мокрае поле
паглядзець на сусвет п'яным вокам
ды палаяцца з воляй цi з доляй.

Я паслухаю птушак маленькiх,
што спяваюць падчас навальнiцы,
i ад здзiву спаду на каленкi -
як жа кожная з iх не баiцца?

Да зямлi дакрануся рукою
цi зусiм у разору звалюся,
сцiсну гразь у замёрзлай далонi,
ды з зямелькаю роднай паб'юся.

Запяю, закрычу, загалошу!
Хай спужаюцца птушкi-пявуннi!
Будзе ў рот лiцца стомлены дожджык
i расцягваць, i рваць вейкi-струны.

Буду ўвечары парыцца ў лазнi,
што прывабна чакае ў садочку.
Адагрэюцца рукi i пальцы,
Адагрэецца сэрцанька ўночку.

Прыйдзе сон у рыпучы мой ложак,
Знiкне цяжкае ўсё, разаб'ецца...
...толькi дзе тая хатка, той дожджык?
...Дзесьцi ў марах, што крэмзаюць сэрца.