Усхадзілася чорная зграя,
Фортку вецер шалёны хістае
Б'юць па шыбах імглістыя кроплі-
Прадзіравіла восень пантофлі...
Лістападніцкі тлум дагарае
Ды на ганак зіму запрашае.
Вось яна! Кіем грукае ў дзверы,
Снегу мокрага сцеле шпалеры.
...А матуля трывогу хавае,
Каля сэрца дачушку трымае...
Ад тугі і дрымучае долі
Ў Багародзіцы покрыва моліць.
Каб было ў яе шчасцейка болей
Шчэ-удосталь і хлеба , і солі.
Каб крывінку бяда не спаткала-
Маці горача крыж цалавала;
Каб спазнала пяшчоту кахання-
З абразом размаўляла да рання.
Каб не плакала ты - я паплачу,
За тваю памалюся удачу.