Смуткуе маё сэрца ў лістападзе,
Ў шчымлівы углядаючыся сон.
Тчэ павуціну павучок у садзе,
Сцяжынкі сцеле чырвань дываном...
Сыходзіць з кола год,цалуе скроні вецер,
Мяце нястомна дворніка мятла,
Пануе цётка-восень у сусвеце
Мяхі прыпасаў цягне да жытла.
Гарыць лістота ў вогнішчы,бы лёсы-
Старонкі са старога буквара;
Жыццё ўплятае ўпотай лён у косы,
На споведзь нас вядзе да алтара.
Мы ўсе у гэтым вымушаным кросе
Да Госпада на шалі у чарзе:
Хто моўчкі падыходзіць,хто галосіць,
Хто з мірам у душы, хто зло нясе...
У таямніча-жоўтым карагодзе,
Дзе радасці і болю па крысе.
Знікае час,ліхі,няўлоўны злодзей,
Сляды хавае ў золкавай расе.