А мне? A мне, як кажуць, Бог не даў
спяваць псалмы і танчыць паланезы.
Я воблакам спыніцца загадаў —
яны з мяне смяяліся, гарэзы.
Я снег стварыў з метафараў і мар,
я дождж сыпнуў на ружы поўнай жменяй...
Ды снег і дождж, няйначай, Люцыпар
ператварыў у ліпеньскі прыпар.
А ты?
А ты здзіўляешся ўсё меней.
У твой палац я лірнікам прыйду —
скажы, каб слугі адчынілі брамы.
Я Песняў Песню для цябе складу —
для гэтага я быў калісь абраны?
Я ў свет дабра спяшаўся. He паспеў.
I з кубка піў над чараю Грааля.
Гучыць над краем твой чароўны спеў —
без скрыпкі, без дуды і без раяля!
Хай слухаюць салоўкі ў лясах,
глядзіць багіня маладосці Геба,
як маладзік з саломкі ў валасах
тваіх, бы сонцам дадзены пасаг,
заблытаўся й не вырвецца на неба!
Ты з крымскіх гор у снах маіх бяжыш
у слуцкае найсонечнае лета.
Кахай мяне, каханая, любі ж —
адзінае, чаго, як ласкі звыш,
спакон вякоў вымольвае паэта.
Вельмі спадабаўся верш за
Вельмі спадабаўся верш за лірычнасць.
Аўтару надалейшага натхнення!