Мне снілася: памяць згубіў я!
О які я стаў вольны!
Гэтакі груз скінуў з сябе!
Гарбець пад ім мне даволі!
Я вольны! Як птушка!
Развязаны рукі!
(Што гэта такое —
маральныя мукі?)
З якой я краіны?
Хто бацька? Хто маці?
Хто сам я ад роду?
Нашто гэта знаць мне!
Я — вольны!
Любоў да радзімы?
Да мовы роднай?
Я ўжо адвязаўся
ад повязяў тых
старамодных!
Я вольны...
Між небам я і зямлёю —
Мяне прышчапляй
да любога падвою!
Што хочаш ляпі з мяне,
быццам бы з воску —
Вала паслухмянага,
ідала,
моську...
Рабі з мяне зАтычку,
шрот на суседа,
Калун тупаносы,
мачалку,
тарпеду.
(У шчэпкі свет гэты разнось сабе
ёю, тарпедай, —
Нічога ж святога ў мяне там.
Hi следу!)
Пад сцяг кліч любы —
пабягу я бясслоўна:
Без памяці я —
мне ж усё
усё роўна!
Я вольны!..
Трымайце мяне!
О дзе я згубіў сваю долю?
Пустэча ў душы...
Хто вызваліць можа мяне
ад гэтакай
волі?
Шыкоўны мастацкі прыем для
Шыкоўны мастацкі прыем для падачы не проста зацяганай для беларускасці (а ці толькі?) тэмы, але значна болей чытаецца і бачацца за гэтымі радкамі: свядомая адасобненасць ад грамадскага жыцця, жыцця народа, лёсу чалавецтва з цягам часу дэградуе, робіцца манкурствам -- пустэчай душы.