Мой сад
Разгублена стаю   ў родным садзе,
А вецер працінае да касцей,
Тут мерзнуць рукі, ў думах несуладдзе,
Мой сад даўно не сустракаў гасцей.
Здзічэў ад  болю і ад адзіноты,
Замшэлыя ствалы не белены даўно,
Зіма да плоту намяла сумёты,
З паветра   п’ю  прагорклае віно.
Хачу сказаць я штось старому дрэву,
Ды словы  храснуць у глыбіні душы,
Куды пяшчоту я сваю падзела?
І хто самоту і мой боль глушыў?
Які прастор гарнуў мяне, а зранку
Паіў тым водарам красы наўкол,
дзе мама з-пад  адхінутай  фіранкі,
З вакна глядзела  на ўтравелы дол.
Хачу абняць я яблыньку старую,
Каб папрасіць ачысціць думы ад граху,
Мой сад, я толькі на сябе крыўдую,
Прабач, мяне, маю нясцёртую тугу.
Абудзяць успаміны мне той ранак,
Мяцеліцы  тваёй забытую красу,
Што квеценню лажылася на ганак,
А промнік сонца асушаў расу.
Тут жылі побач ласка і пяшчота,
І татка госцю кожнаму  быў рад!
Развей жа ты цяпер маю самоту
І абудзі ў душы  мой асабісты  сад!
Цяпер часцей мы бачыцца павінны,
Я сцежку тут надоўга  пратапчу,
мой любы сад, ты адпусці  правіны,
Зіхценнем снегу мне сагрэй душу.
© Copyrіght:  Ганна Якубоўская
16-18.02.2018
 
        	
Дзякую! Цудоуны верш!
Дзякую! Цудоуны верш!
Вельмі пранікнёны і добры
Вельмі пранікнёны і добры верш, Ганна. Дзякуй!
Дзякуй і Вам, Людміла, за
Дзякуй і Вам, Людміла, за добрыя словы!