1
З нязбытных і неапалімых дзён
У сэрцы чуйным светлы боль пануе, —
Мяне краса нязводная чаруе,
Бярэ ў святы і грэшны свой палон.
Яна — паўсюль, яна — натхнёны Бог,
Магутнае і велічнае штосьці...
Яе заўжды, як дарагую госцю,
Пускаю ветла я на свой парог.
Прыход яе няўмольны, як прысуд,
Як сэрца трапяткога наталенне...
Заўсёдна мяне ставіць на калені
Спакуснай прыгажосці вечны цуд.
І зноў я, незаменны паняты
Зямнога непаўторнага прыгоства,
Нястрымна рвуся на дзівосны востраў —
Ў палон жадана-мройнай пекнаты.
2
Паднебнай высі купал-палатно
І сонца прамяністае ў зеніце,
Вы нада мной святло сваё разліце,
Мяне тым блаславіўшы заадно.
Ніяк не размінуцца ў небе нам:
Зраднёны мы адзінаю любоўю.
Я вам не здраджу, вам я не адмоўлю —
Бо нас вянчае прыгажосці храм, —
Той храм, што ззяе вечна нада мной,
І храм, пакутна выяснены ў сэрцы...
І вабіць зноў блакітнае азерца
Сваёю недасяжнай глыбінёй.
3
Вачэй з’яснёных вабіць глыбіня —
Чароўная, таемна-зіхаткая,
Што сэрца мне дарэшты спапяляе,
Пачуццяў шквал наверх выносіць з дна.
І млее ўся істота неўпрыкмет —
І радасць, і пакута знекуль хлыне, —
То заіскрыцца, то няўзнак застыне
У прадчуванні цуду цэлы свет.
Душа святкуе свята міг адзін:
Знадзееная, крылы развінае —
Насустрач свайму шчасцю вылятае,
Каб дасягнуць ёй зваблівых вышынь,
Каб вылецець, нарэшце, на святло,
На момант хоць, на міг адзін забыцца
І поглядам мілосным наталіцца —
Міжволі трапіць у яго палон.
4
Змянлівы свет загадкавых вачэй —
Ліловых, аксамітных, васільковых,
Бяздонных, зіхатлівых, крамянёвых —
Усіх пякнот на свеце мне мілей.
Бо ён — заўжды пульсуючы, жывы,
Пранізлівы, кранальны, прамяністы,
Незамутнёны, дабрадушны, чысты,
А часам спапяляльна-агнявы.
У ім адным — суквецце ўсіх жарсцей,
Усіх і фарбаў дзіўных, і калёраў.
У ім — свой шарм адметны і свой нораў,
Бо гэты свет — спакуснік-чарадзей,
Што незаўважна, як бы незнарок,
Падступна вабіць у сваё прадонне —
Гулліва-віратлівае улонне,
Прыкмеціўшы цябе яшчэ здалёк.
Ах, мне знаёмы добра гэты вір,
Што, як магніт, прыцягвае заложна:
Сябе згубіць тут ненаўмысна можна,
Бо ён — як заварожаны пацір —
Гарэзліва-юрлівісты наскрозь,
Іскрысты, мігатлівы, прыцягальны.
Для ўсіх вандроўцаў, спешна закаханых,
Паслужлівы і інтрыгоўны госць.
5
У свеце робат-кібаргаў, машын,
У свеце спрэс фальшывым і падманным
Так крыўдна мала светлых тонаў, гамаў
Сярод зліняла-выцвілых карцін.
Сярод аглухлай і нямой цішы
Ці хмельнага, праз меру, пацяшання —
Нікчэмнага, пустога балявання —
Пагляд вачэй жывых мне да душы.
Прыветлівы пагляд, што мімаходзь
Я на сабе лаўлю, няўзнак страчаю
І тут жа сарамліва адпускаю
У нікуды, у незваротнасць. Хоць
Мне рупіць неадольна затрымаць
Яго даўжэй — як льга — ў сваёй уяве
І час астатні з ім яшчэ пабавіць,
І — пра сябе — таемна пакахаць.
6
Блукаючыя позіркі лаўлю
І сам я, грэшны, паміж іх блукаю,
Сябе падманна ў думках пацяшаю,
Што іх усіх — дарэшты ўсіх — люблю:
Гарэзлівых, смяшлівых, цікаўных,
Разгубленых, расчуленых, раўнівых,
Падатлівых, пахмурных, сарамлівых
І нават насцярожаных і злых.
Усе яны мне — як адна сям’я,
І я, прызнацца, ім не чужаніца:
Мая часцінка ў іх вачах іскрыцца,
Мая надзея і любоў мая.
І цепліцца ў грудзях адзін спадзеў:
Каб хоць на выпадак які, хоць зрэдку
Мне той, каго сустрэну, неўзаметку
Сваю душу раскрыць бы захацеў
І выказаць усё, што прыбярог:
Свой боль, трывогу, радасць, нецярпенне,
Сваё, няйнакш, сакральнае імкненне, —
І я ахвотна паспрыяць бы змог.
Я б змог, паверце, зразумець таго
І, як сваёй, душы паслухаць споведзь,
Знайсці ў адказ патрэбныя так словы
З падобнага ва ўсім жыцця свайго.
7
З падобнага жыцця… Ды ўсё ж, ды ўсё ж
У ім нямала ад мяне самога,
Падобнага, канешне, ды другога,
Набліжанага да сябе найбольш.
Ёсць шмат таго, што лучыць нас, але ж
Ёсць тое, што выгодна вылучае,
Быць іншым, непадобным прымушае, —
Каб розніцца — няма ніякіх меж.
У самавітай рознасці сваёй
Я цэльнасці, я самасці шукаю
І свет свой апрычоны спасцігаю,
Бо ён — адзіны, непаўторны, мой.
Ён толькі мой — і я яго люблю
І пешчу пачуццёва, і люляю,
І з ім на адзіноце размаўляю,
З яго сябе самога я ляплю.
Яго ніяк мне нельга не любіць:
Як не любіць — я тут жа яго страчу,
І не сустрэну больш, і не пабачу,
А горш — папросту перастану быць.
8
Ах, свеце мой, скажы мне, з даўніх дзён
Куды вядуць усе твае дарогі,
Што вечнаю надзеяй і трывогай
Бяруць у непазбыўны свой палон?
Яшчэ, прашу, мне адкажы, уваж —
Куды мая сцяжынка шпарка ўецца,
Чаму на сэрцы тое адаб’ецца,
Што толькі прывід мройлівы, міраж?
Бяжыць сцяга жыцця майго, бяжыць,
А я няўхільна ў сэрцы сваім грэю,
Па ўсім відаць, дарэмную надзею —
Сам-насам, свет, з табой пагаварыць.
І ўслед крычу: «Спыніся, пачакай,
Дазволь жа перавесці ледзьве дух мне.
Нічога ад таго, дальбог, не рухне...
Ну дай жа адпачыць хоць крышку, дай!..»
Але маўчыш ты, свеце ясны мой,
Нібыта слоў маіх зусім не чуеш,
А я з табой і днюю, і начую,
І вечарую акурат з табой.
9
На бітых і нязведаных шляхах, —
Твой пілігрым, — удзячны я бясконца
За тое, што жыву, што свеціць сонца,
І за слязу скупую на вачах...
Не ведаю, чаму з нядаўніх дзён
Хвалюе моцна дзень твой, свеце, кожны...
І хоць на сэрцы часам і трывожна —
За ўсё табе я нізкі шлю паклон.
Вітаю сэрцам шчасную пару —
Час пасяўны і жніўны, умалотны.
І на зямлі таму я не самотны,
Мой свеце, што з табою гавару.
Калі ж зноў заклікальна пазаве
Туды, за небакрай, мяне дарога, —
Па ёй я крочыць буду да знямогі...
Пакуль жыву — датуль мой свет жыве.
10
Ёсць я — ёсць свет мой. І таму магу
Глядзець адкрыта на людскія твары,
Магу свае снаваць бясконца мары,
Сказаць сабе, нарэшце, што магу
Любіць па-свойму, як ніхто й нідзе,
Пакутаваць — таксама адмыслова,
Не вымавіўшы слова ці паўслова
І зблытаўшы наўмысна ноч і дзень,
Прасцяг і вышу, воблакі і снег,
Адбітак зор у лужыне і ў небе.
Я іншы свет вачмі сваімі згледзеў, —
За ўсе выгоды даражэй ён мне.
Ён — казачны, ён дзіўны насамрэч,
Даверлівы, а больш сентыментальны,
Прыгожы, гарманічны, ідэальны.
І ўжо адняць і выгнаць яго прэч
Не ўдасца хцівым гіцлям век з мяне.
Не мець ніколі перамогі-свята
Ні ворагам заклятым і ні катам,
Таму што Бог заўжды спрыяе мне.
11
Святляны, незабыўны, дарагі,
З давён-даўна нічым не замутнёны,
Мой свет, ты там, дзе раскашуюць клёны
І дзе стаяць мурожныя стагі.
Ты там, дзе каляінаў след застыў
На звілістай дарозе цераз поле,
Дзе неслася на грывах конскіх воля —
На сотнях конскіх серабрыстых грыў.
Мой незабыўны, дарагі ўспамін!
Ты, нібы тое возера надзеі,
Што блаславёнай кропляй кожнай грэе
Ад тых далёкіх і святых часін.
Люстэркам дзіўным возера блішчыць,
І сонца промні ў глыбіню сягаюць
І там, на дне яго, няўзнак знікаюць,
Каб зноў святое дзейства паўтарыць.
І я ля гэтай боскай пекнаты,
Вадой і сонцам зыркім прасвятлёны,
Гляджу вакол пяшчотна і ўлюбёна,
Мае сястрыцы і мае браты.
12
Жывая і святая прыгажосць —
І найчысцейшай, і найкрасшай пробы —
Мне да душы і сэрцу даспадобы
Таму, што яна ў свеце гэтым ёсць.
А там — не будзе, колькі ні заві,
Такой красы чаруючай... Мой Божа,
Ды хто, скажы, пражыць на свеце зможа
Без хараства, пакутаў і любві?!
Такі ж і мой прысудны кон і лёс —
Слугой красы і панятым быць разам
І за жыцця святочную акрасу
Праліць нямала светла-сумных слёз.
Мне б удыхаць і піць нагбом красу
Удзень, увечар, уначы і ўранку.
Зачараваны ёй, бесперастанку
Любоў у сэрцы праз гады нясу.
Мне шчасце — жыць і піць жыцця напой,
Настоены на шчырасці сардэчнай.
І на зямлі — квітнеючай і вечнай —
Пакуль жыву — датуль любоў са мной.