Болем агучыць зямныя вякі
Ён, ад пажараў чорны.
Гойстрыя смерць шчэрыць клыкі —
Пякельны,
Пячорны.
Сталлю не раз дратаваў і сек,
Полем здзічэўшы мінным.
У душагубках звозіў калек —
Маторны,
Машынны.
Дыхае ўдушшам нямых мегатон
Прывід вайны шкілетны.
Свет на прыцэле трымае ён,
Радарны,
Ракетны.
Ззяблая знічка ўначы ўпадзе,
Згасне ў бруі крынічнай.
Зорнай няўжо узвіцца бядзе,
Век мой касмічны?
Шар мой зямны, у прожылках рэк
Лёг ты, як ноша, на плечы.
Колькі вякоў зберагу я за век,
Век чалавечы?