Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць

Самая свежая информация Напольные покрытия на нашем сайте.

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Мікола Мятліцкі

Нарадзіўся 20 сакавіка 1954 года ў вёсцы Бабчын Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1977) працаваў карэспандэнтам штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», з 1983 года – праца старшым рэдактарам рэдакцыі крытыкі, літаратуразнаўства і драматургіі выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Першы зборнік вершаў «Абеліск у жыце» выйшаў у свет у 1980 годзе. Выдаў кнігі паэзіі «Мой дзень зямны» (1985), «Ружа вятроў» (1987), «Горкі вырай» (1988), «Шлях чалавечы» (1989), «Палескі смутак» (1991), «Блаславенне» (1991), «Чаканне сонца» (1994), «Бабчын. Кніга жыцця.» (1996), «Бабчин. Книга жизни» (1997). Для дзяцей – вершы «Няправільныя санкі» (1991).

За зборнік вершаў «Мой дзень зямны» ўдастоены звання лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1986). Лаурэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы.

matlicky.jpg


Яшчэ не ацэнена

Узбалоткі, пабраныя раскай густой,
Зноўку памяць абыдзе мая — збудзіць дні.
I пачуе душа: смакавіты настой
Прэла цэдзяць з балота твае карані.

Збіты ў грады, ты рос — шапацеў на вятрах,
Ліст зялёны і гойстры пусціўшы з вады.
I чакаў я, малы, па вясне у вечарах,
Як праклюнецца імі балота,
Тады

Ценькі парастак кволы шукала рука
(Смак яго духавіты у роце й цяпер)
Па-над корнем тваім парасла асака,
Смутна пудзіш душу мне, палескі аер.

У карэнні тваім гусла цэзій залёг,
Смутна ў зоне рыкае пакінуты звер.
Сумам страты маёй, болем горкіх трывог
Прарастаеш вясной на ўзбалотку, аер!

Помню, мама прыносіла пахкі снапок.
Быццам вочы, зырчэлі твае карані.
Пах над вёскаю рос, вырастаў да аблок.
Ты магілу матулі, аер, ахіні!

На спусцелай зямлі, дзе забыты асвер
Калыхае на ветры гарчыну віны,
Па-суседску з табой, мой гаючы аер,
Затравела сівыя ўзышлі палыны.

Развінае туга крылы чорнай начы,
Гасне ў свеце святло, разуменне, давер.
На асмяглых губах чалавечых гарчы
Напамінам бяды,
Мой палескі аер!



Яшчэ не ацэнена

Агністы вам адкрыецца сусвет,
Ліловым шляхам зорным павядзе,
Апаліць душы водсветам камет,
Крамяным, як лілеі на вадзе.

I пусціць вас на зорны сіні плёс,
Вякі даруе — дзейсніце палёт!
Адны пазнайце найсалодшы лёс
Дароў высокіх — вечнасці шчадрот.

Зямля адпусціць ваш нятленны дух,
Імжой не перакрэсліўшы сырой.
Мільярды новых зорных завірух
Сагрэюць сэрца вечнасці старой.



Яшчэ не ацэнена

Вы слухалі музыку ночы —
Высокую музыку свету,
Калі нарастае аднойчы
Туга, калыхнуўшы планету?

Калі патанае ў міжзор'і
Зямля і часціна сусвету
Пяе на вятрыстым надвор'і,
Вы слухалі музыку гэту?

Ёй дадзены свету харалы,
Высокага неба дзянніцы
Яе, агнявую, стваралі
Бясконцасцю ўсёй таямніцы.

I ў гэтым таемным аргане
Багата душою пачута.
I ў гэтым парыўным дыханні
Збалелага свету пакута.

Адкуль мы? Чые мы? I хто мы?
Скажы мне, зямля, па сакрэту.
Мне слухаць, не чуючы стомы,
Агністую музыку свету.