Кахаць цябе – вар'яцкая гульня –
і жах, і жарсць – як руская рулетка.
У сэрца стрэл – і я ужо твая –
ля ног тваіх, як птушка-першалетка.
А лёс не спіць – ён круціць барабан
і ўзводзіць ствол. Там куля альбо пуста?
Прадбачу боль. Але… ў вачах – туман.
Але… гару ў руках тваіх распустай.
Шчалчок – асечка – міма, міма, мі…
А як далей? Ні выйсця, ні ратунку, –
адзіны шал. МілЕнькі, абдымі!
І дай забыцца ў млосці пацалункаў!
І дай апошні міг з табой сустрэць,
згарэць – і абагрэць на развітанне,
і, у нябыт з сабой забраўшы смерць,
табе пакінуць лепшае – каханне.
11.02.2013