Хто ў пяту Ахілесу
Пацэліць ямчэй?
Паскарэнне прагрэсу —
Хутчэй жа, хутчэй!
А навошта, уласна,
Нам здалася пята?
Гэта ўжо не сучасна —
Цемната, цемната.
Лепш прыдасца гуманны
Ахілесу нейтрон.
Сыпанём з неба манны —
I душа з яго вон.
Так не справіўся гром бы
I маланка — наўрад,
Як лагодная бомба,
Міласэрны снарад.
Кругабег непазбежны,
Ты адстаў,
Ахілес,
А драпежны грабежнік
Паскарае прагрэс.
Свет сыходзіцца клінам,
Ледзьве-ледзьве жывы,
Так імчыцца імкліва,
Як на злом галавы.
Спланаваны канечны
I прыцэл, і размах,
I трапечацца вечнасць
У зладзейскіх руках.
Зноў сіпіць падкалодны
Са старых сваіх гнёзд,
Да таго ўжо халодны,
Што па скуры — мароз.
Войны, здрады і змовы,
Голад, подкуп і яд...
Мужны век мой суровы —
Будаўнік і салдат,
Каб да новых сузор'яў
Даплылі караблі,
Самым пільным дазорным
Стой на варце зямлі.
Веру я, што ўратуеш
Ты жыцця вышыню,
Назаўсёды ўтаймуеш
Ашалеласць агню.