"Ты не той, што павінны. Памылка, мана.
Не такога прыдумалі продкі.
Тройца Вас, ды ўсё роўна - памылка адна,
І адна на траіх перад намі віна
За падман, за лухту і бразготкі.
Мы плацілі за хрост, мы плацілі за дол,
Мы маліліся прагна аб долі,
Будавалі царкву, уздымалі касцёл,
Я шукаў, ды нідзе я цябе не знайшоў -
Ні ў царкве не жывёш, ні ў касцёле.
Што Ты даў? Што прынёс? Дзе, калі падтрымаў?
Толькі браў беззваротна і хлусіў.
Ты падманшчык, Цябе ў гэтым свеце няма,
Памыліўся паэт, напісаўшы дарма,
Што жывёш на маёй Беларусі."
І плячыма звярнуўшыся да алтара,
Не схіліўшы пакорліва шыю,
Выйшаў з храма, а потым праз браму з двара,
Пацягнуўся рукою, ды ўжо не пара
Пажагнацца: не бачаць святыя.
Апасля, адчуваючы сорам і страх,
Слупянеў перад родным парогам:
Новым гонтам падшыты красуецца дах,
А на тыне вароты пяюць у пазах
І ад дома - сляды на дарогу.
Ды няпростыя пылам віліся сляды:
Кожны ззяў, як ікона святая,
І па іх, як па нітцы, пайшоў ён тады,
Каб шукаць, каб знайсці і вярнуць назаўжды
Зноў у покуць, дзе дошка пустая.
ajsa, 2.04.2012.
Цудоўны верш, кранае. Дзякуў
Цудоўны верш, кранае. Дзякуў Святлана, за такія творы.