На хвалёх неба я ляжу,
Стамлёнага за дзень,
У ім я зоры абуджу
І месяца прамень,
Ды гэта потым, да таго
Гадзіны дзьве міне,
Бясконцыя, як цень майго
Пакою на сьцяне.
Пакульшто маю права я
Піць цемравы напой,
Віна мацнейшы удвая,
Зь сінечаю густой.
Мне дотык дахаў лашчыць грудзь
І сэрцу пульс дае,
Маё імя прысьні й забудзь,
Няма мяне ў цябе.
Ня сумна мне, тугі няма
Па сонцы залатым.
Я – ў ветры. Праўда і мана
І подых мой у ім.
Я ў ветры рушыў празь лясы,
Надаўшы дрэвам гук,
Галінам даўшы галасы
І мову, й сьпеў, і дух.
Вірую я па гарадох,
Дзе сёньня й заначую.
Мой ложак – зь лісьця ці сьнягоў,
Дзе ты мяне ня чуеш.
Але час месяц запаліць
І распачаць гульню,
І ноч зь ліхтарным шклом злучыць
Сьмяротны вершам дню.
Я буду жыць, нібыта здань,
Самотны й вольны цень.
Мяне ты ў небе ўбачыш. Глянь!
Ужо стаміўся дзень.