Як добра, што мінулае - мінула,
Што камунізм не быў дабудаваны,
Што зніклі неўміручыя тыраны
І ідалаў былых са свету здзьмула.
Як сумна, што ў мінулым засталіся
Каханыя і родныя нам людзі.
Што іх ніколі ўжо між нас не будзе,
Што нашыя дарогі разыйшліся.
Як дзіўна існаваць заўжды на ўзмежку,
На вастрыі, на лініі падзелу,
На будучыню не губляць надзею,
Развітваючыся, дарыць усмешку...