Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Апошнія водгукі

Вашыя сябры тут!

Лічыльнікі

Аляксей Жбанаў

Сярэдняя: 4.5 (4 галасоў)

Штонядзелі спяшаліся мы ў гэты дом
І сядалі за стол з беласнежным абрусам.
І, хоць горад чужы пільнаваў за вакном,
Тут сябе кожны з нас адчуваў беларусам.

Тут штораз аднаўлялася повязь часоў,
Тут гучалі імёны забытых герояў -
Легендарных паэтаў, вясёлых хлапцоў,
Тых, якіх забівалі з-за вершаў і мрояў.

І спявалі мы песні Радзімы сваёй,
На няшчасце, далёкай, на шчасце, адзінай.
І, здаецца, вастрэй сумавалі па ёй -
Песні песняў, якая завецца Радзімай.

Ну а потым, калі, атрымаўшы дыплом,
Я вярнуўся ў свой Менск, бо патрэба наспела,
На канцэртах альбо за бяседным сталом
Бракавала мне нашых аматарскіх спевак.

Ды я ведаў - як песню ў мяне адбяруць,
Да Алесі Адамаўны ў госці збяруся,
Каб упэўніцца зноў, што жыве Беларусь,
Покуль гэткія людзі дбаюць аб Беларусі!



Сярэдняя: 4.7 (13 галасоў)

С.Б.

Так радасна дзякаваць кожнаму,
Хто Богам падораны мне.
Паспець бы, пакуль прамільгне
Мой век электрычкай апошняю,
Пажоўклым лістком у вакне.

Не, гэта зусім не дэпрэсія
І не развітанне, ані,
Не заклік збіраць камяні.
Бог дасць, дажывем і да пенсіі...
Але ўжо палічаны дні.

І з часам вастрэй адчуваецца,
Што ўдзячнасць не можа чакаць,
Што страшна сябе папракаць,
Калі сувязь - раз - абрываецца
І ў вечнасць дарэмна гукаць.

І толькі ў малітве - так верыцца -
Падзякі запознены ўздых
Дасягне, патрапіць да тых,
Хто болей ніколі не вернецца
З нязнаных краёў незямных.

Хто быў са мной
і ёсць,
і будзе
У нам наканаваны час -
Я дзякую за ўсё вам, людзі,
І Богу дзякую за вас!