Калі я з возерам спаткаўся,
Здаўна Міцкевіч што ўсхваляў,
Дык ў месца гэта закахаўся,
Бы… свіцязяначку спаткаў.
Ці з чар русалкі-свіцязянкі,
Ці ад мясцінаў гэтых чар,
Як заварожаны, да ранку,
Я тут стаяў бы поўны мар.
Здаецца возера бяздонным
Праз сінь, адбітую з нябёс.
Прыбой размераны, спакойны,
Як пацалункі, хваляў плёск.
Карункавы вянок ад пены
Яго акрэсліў берагі.
Навокал лес, як летуценны,
Стаіць і вабяць мурагі.
А тры бярозы, бы дзяўчыны,
Галіны-косы расплялі
І іх палошчуць безупынна,
Увысь падняцца не змаглі.
Адамаў вобраз тут блукае,
(Душа трапеча прад былым),
І мроіцца, што ён гукае,
І кліча, каб ішоў за ім.
Мінулае і рэчаіснасць,
Святое возера, люляй!..
Я запрашаю ўсіх на Свіцязь,
Каб лепш спазнаць наш любы край.