Наш радавод зусім кароткі,
Сягае мо’ на трыста год;
Забылі з мовай памяць продкі
І бела-рускім стаў народ.
Што ж тое ''бела'' азначае,
Нясе прыкмету, змест які?
Ніхто таго ўжо больш ня знае,
Бо праляцелі тры вякі
З тае пары, як Аўгуст Саскі*,
Што ''Моцным'' звалі між жанок,
Стаў польскім каралем і наскім,
Звяў мовы роднае вянок.
І польскі jenzyk стаў нанове
Дзяржаўнай мовай. І забылі
Статуты ВКЛ. Панове
На ім пісалі й гаварылі.
Ліцвін стаў на Ліцьве чужым,
Не разумеў бо часта мову,
Na kturaj muvіlі ўжо з ім
Да бога йшоў ці ў установу.
І мы як тыя сіраціны
Шукалі шчасця й лепшай долі
Не дома ўжо, а на чужыне.
А край галеў, дзічэў поволі.
Без мовы мы асірацелі.
Без памяці - які прагрэс?
Кароль чужы не дбаў каб елі,
Свой толькі помніў інтарэс.
Той Аўгуст Моцны - Людзвіг новы
Ламаў жанок, ламаў падковы.
А Брюль - яго міністар бравы -
За гэты час скраў паў-дзяржавы.
Улезлі у вайну са шведам,
Ліцьву драпежнікам аддалі:
Прайшоўся Карл і Петра следам,
Людзей нібы снапоў наслалі.
Ды Божа даў перасцярогу:
Пятра й Саксонца ў Стыкс адправіў.
Каб к шчасцю мы найшлі дарогу,
Каб князь літоўскі намі правіў.
Ды пыха розум й зрок заслала
Панам і шляхце. Бо бясконца
Рэч Паспаліта балявала
І пьянай выбрала саксонца.
Быў целам тоўсты, духам слабы
Сын "Моцнга" - той Аўгуст трэці.
Яму й адной хапіла бабы,
Каб з ёю кош дзяцей займеці.
Любіў ён оперу і спевы,
І хоць быў тлусты, але зрокам
Арла валодаў. Без сумневу
Трапляў у злоты за 100 крокаў.
Любіў абед, сняданак смачны.
Дух рамантычны меў. Карціны
Збіраў, купляў. Яму удзячны
За тое немцы штохвіліны.
Сабраў ён тую прыгажосць
Бадаў з усяго свету,
Ды аплаціў яе як ёсць
Літоўскаю манетай.
Пайшоў на продаж лес і мёд,
Ільну ды жыта горы.
Ці голад быў, ці недарод -
Ўсе граблі з каморы.
У Дрэздэне палац паўстаў
Для тых карцін шыкоўных
І назаўжды нямецкім стаў
Ліцьвы набытак кроўны.
І хоць ліцьвін не дзікім слыў
Ды ў тым ня жыў палацы,
Што збудавалі з яго ніў
І з рук ягоных працы.
Мы аддалі сваё дабро
Палякам ды саксонцам,
Нібы паводкаю плыло
На захад ўсё бясконца.
З Ліцьвы амаль што 30 год
Ссаў сокі Аўгуст ІІІ.
Збялеў, збяднеў Літвы народ,
Лугі спусцелі й клеці.
Збялела, выцвіла Літва,
Бо кроў усе смакталі.
Каму балела галава,
Аб чым жанкі пяялі.
Хто тую мову разумеў?
На што была патрэбна?
Скаціну каб загнаць у хлеў?
Хадзіць у світцы зрэбнай?
Каб луг касіць, араць валокі,
Каб гнаць плыты у край далёкі,
Прыгожых слоў зусім ня трэба
Каб выжыць - вось была патрэба:
"Дай Божа міру і дай хлеба!"
І край бляднеў, бо з жылаў сокі
Цягнулі спраўна крывасмокі.
І кожын дзень, за годам год
Ўсе больш бялеў Ліцьвы народ.
Ды ў свеце ўсе ідзе чаргою,
Вясна прыходзіць за зімою,
Растане снег і яго воды
Раструшчаць, змыюць перашкоды,
Зазелянеюць луг і нівы
І рады мы, што ўсе-ткі жывы.
Так і Ліцьва. Бог даў збавенне
Як пад Хрыстова нараджэнне
На трон і польскі і літоўскі
Ўзыйшоў ліцьвін - Стась Панятоўскі.
*Аўгуст Саскі - так празвалі ліцьвіны (беларусы) Фрыдрыха Аўгуста І, (нарадзіўся 12.5.1670, Дрэздэн; пам. 1.2.1733, Варшава), пад імем Аўгуст іі (моцны) - курфюрст Саксонскі, Кароль Польскі і Вялікі Князь ВКЛ (з 1697 по 1733). вялікі сябра і сабутыльнік Пятра і. Славіўся тым, што ламаў падковы і перамагаў альковы прыгажунь, прымяняючы пры гэтым ўсе сродкі ціску як на саму кабету, так і на яе радню ці яе мужыка аж да ўзроўню яго міністраў. Перамог на ратным полі не зазнаў, падбухтораны Пятром І, улез у Паўночную вайну Петру і, быў біты і згубіў карону, якую яму вярнуў яго сябра.