Наўкол усмешкі раздаю:
Усмешка --
за усмешку.
Нібы на востраве стаю --
На веснавым узмежку.
Лаўлю блазнотлівы прамень
Рукой -- сачком дзіравым,
І столькі светлых перамен,
А мець бы толькі права.
І не зманіць святому дню
Ўзаемаразумення --
Адчуць аднойчы вышыню
Зямнога
прыцягнення.