Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць

платные знакомства без регистрации.

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Не азірайся, — міф вучыў біблейскі...

Сярэдняя: 4.5 (4 галасоў)

Не азірайся, — міф вучыў біблейскі, —
Іначай скамянееш назаўжды...
...За стол засядзем — і пасады клейстар
Прыклейвае да крэсла на гады.
Не азірайся — а глядзі наперад,
Ды лішняе не зыркай па баках,
I не круціся, — строгія паперы
Зламаюць шыю нават у быка.
Не азірайся, — што было, на звалку
Ўсё змецена, і што туды глядзець...
I прадзедаў не знаюць дзеці змалку,
I пазнаюць бацькоў сваіх ледзь-ледзь.
Не азірайся, — што тых продкаў мова,
Гісторыі замшэлыя вянцы!..
Мы за сталамі свет збудуем новы,
Дзе першыя тварцы — прамоў пісцы.
Не азірайся... I чым далей — болей
На лысіну наслойваецца пыл,
Хрыбетнік нерухомее ад солей, —
Сядзім, нібы саляныя слупы...
I ўжо не цыркулярам — цыркуляркай
Той слуп не адпілуеш ад стала,
Не выманіш ні чаркай, ні цыгаркай,
Ні пенсіяй, што ўжо даўно прыйшла.
Заслужана сядзім і непахісна,
Назад не азіраемся — ні-ні.
І ў гэтым наша сутнасць, наша існасць:
Аслупянелі — і спачнём на пні.
Памром, як маманты.
I ўсё закрые полаг
Нямога і тупога забыцця.
I ў тле вякоў пачне палеантолаг
З чужых планет разгадваць па касцях:
— З якіх расолаў ідалы такія,
Які так моцна іх засольваў час?..
А мы аднагалосна рукі ўскінем:
— Была эпоха! — грымнем у адказ.



"Не азірайся", - верш не

"Не азірайся", - верш не толькі пра сталых бюракратаў. Баюся, што верш і пра нас, і пра самых маладых - наша люстэрка, нашу будучыню.
Сёння дзеці адказвалі на пытанні чарговага гістарычнага конкурса. Трэба было назваць прадзедаў, што ваявалі, іх заслугі. Многія не назвалі нікога. На пытанне, якая з краін антыгітлераўскай кааліцыі зрабіла найбольшы ўнёсак у разгром Германіі, адказалі: ЗША ці Вялікабрытанія.
Настаўніца гісторыі, дачка ветэрана, якая пастаянна ладзіла для дзяцей сустрэчы з ветэранамі, ледзь не плакала. Я, маладая і менш уражлівая, таксма адчула сябе абражанай: колькі на літаратуры гаварылі пра вайну, яе ахвяр, подзвігі людзей, колькі прасіла расказваць пра сваіх родзічаў, колькі фрагментаў хронікі ці выдатных фільмаў глядзелі - і ўсё манкурту пад хвост (прабачце, ведаю, што манкурт не жывёліна, але кату - занадта мякка). Дзякуй богу, маё дзіця ведае пра ваенныя старонкі гісторыі сям'і і пра СССР. Але рукі апускаюцца. Будзем з 11 класам чытаць і абмяркоўваць верш. Спадзяюся, не ўсе ў класе манкурты...

"Не азірайся", - верш не

"Не азірайся", - верш не толькі пра сталых бюракратаў. Баюся, што верш і пранас, і пра самых маладых - наша люстэрка, нашу будучыню.
Сёння дзеці адказвалі на пытанні чарговага гістарычнага конкурса. Трэба было назваць прадзедаў, што ваявалі, іх заслугі. Многія не назвалі нікога. На пытанне, якая з краін антыгітлераўскай кааліцыі зрабіла найбольшы ўнёсак у разгром Германіі, адказалі: ЗША ці Вялікабрытанія.
Настаўніца гісторыі, дачка ветэрана, якая пастаянна ладзіла для дзяцей сустрэчы з ветэранамі, ледзь не плакала. Я, маладая і менш уражлівая, таксма адчула сябе абражанай: колькі на літаратуры гаварылі пра вайну, яе ахвяр, подзвігі людзей, колькі прасіла расказваць пра сваіх родзічаў, колькі фрагментаў хронікі ці выдатных фільмаў глядзелі - і ўсё манкурту пад хвост (прабачце, ведаю, што манкурт не жывёліна, але кату - занадта мякка). Дзякуй богу, маё дзіця ведае пра ваенныя старонкі гісторыі сям'і і пра СССР. Але рукі апускаюцца. Будзем з 11 класам чытаць і абмяркоўваць верш. Спадзяюся не ўсе ў класе манкурты...