Не дзень нараджэння і не імяніны
твае мы ізноўку святкуем сягоння,
а тое, што ёсць ты. І хтосьці ж павінны
уславіць тваю прыгажосць і бяздонне!
Хаця і не возера ты, і не мора,
і не акіян, і не чаша нябёсаў,
табе падуладны і зоркі, і зоры,
і "долы і весі", і сцежачкі лёсаў.
Ты так неабсяжна і так невычэрпна,
што глыб твая, шыр — гэта космас для вока.
Ты — ўсюды, заўсёды — і ў "коціку" вербным,
і ў ззянні расы, і ў свяціле далёкім.
Зямелька любімая, бацька і маці,
лясочак і паша — ад краю да краю,
маршчынка бабулі, усмешка дзіцяці —
усё гэта — ты і з табой, дарагая.
І подых жывільны прасторы радзімай,
і спевы вятроў, і крынічак, і птаства
належаць табе — прыгажэйшай, адзінай
і вартай свайго блаславёнага царства.
Бо, хоць ты — царыца, але, нібы служка,
на ўсіх працаваць несупынна гатова.
Ды вы не прызналі, аб кім я?
На вушка
шапну вам:
усё гэта —
родная мова...
прабачце,хто аўтар такого
прабачце,хто аўтар такого цудоўнага верша???