Не верце, што дрэвы не тужаць ніколі.
Шчымліва журбуюць яны й на прыволлі
па песнях птушыных, не чуць якіх болей,
па ветры-свавольцу, згубіўся што ў полі.
Не верце, што рэкі не просяць напіцца.
У сушу-спякоту, каб смагі пазбыцца,
сумуюць яны па сцюдзёных крыніцах,
ім сняцца начамі дажджы-навальніцы.
Не верце, што сэрца не знае спачыну,
што б’ецца яно увесь час несупынна.
Яно замірае на хвілю-часіну
ад жаху…
здзіўлення…
пагляду дзяўчыны.