Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Нічога не атрымліваецца

Сярэдняя: 4 (16 галасоў)

я хачу быць таленавітым у грамадзтве нездараў
і пісаць цікавыя кнігі ў грамадзтве дзе ніхто не цікавіцца кнігамі
выдавацца не за ўласныя а за выдавецкія грошы
ў грамадзтве дзе выдаўцы выдаюць не за ўласныя а за грошы аўтараў

я хачу быць бунтаўніком змагаром маргіналам бітнікам
і друкаваць свае альтэрнатыўныя творы ў дзяржаўных часопісах
бо ў гэтай праклятай дзяржаве апроч дзяржаўных часопісаў
толькі глянцавыя часопісы але там я хачу друкавацца таксама

я ненавіджу брудных калгаснікаў дый не меней брудных працоўных
і хачу каб гэтае рускамоўнае быдла з’ехала куды-небудзь з краіны
дзе матэрыяльныя каштоўнасці нібы грушы растуць на дрэвах
а яшчэ іх прывозяць з Расеі і Захада і можна набыць іх у краме

я хачу быць здаровым псіхічна ў псіхічна хворым грамадзтве
ніколі не піць нейралептыкаў снатворных і заспакойлівых
у грамадзтве дзе палова псіхічна хворых уначы засынае з цяжкасцю
бо другая палова псіхічна хворых увесь дзень паскудзіць ім нэрвы

я хачу мець аўтамабіль толькі адмаўляюся гібець у дарожных корках
у грамадзтве аўтамабілістаў што гібеюць у дарожных корках
маю намер зрабіцца свабодным і адгарадзіць сябе ад грамадзтва
дзе усе несвабодныя і залежныя і кожны марыць пра аўтаномію

хачу дыхаць крыштальна чыстым паветрам калі навокал паветра бруднае
і хачу каб усе неадкладна перасталі забруджваць паветра
бо няўжо вы сволачы не разумееце што неўзабаве не будзе чым дыхаць
у гэтым забруджаным горадзе па якім я імчуся на аўтамабілі

а я хачу каб паветра было чысцюткім празрыстым і пахла слівамі
хачу падарожнічаць па жыцці з усмешкаю на твары сонечным
хачу быць фізічна здаровым шчаслівым быць
і есці экалагічна чыстыя смачныя печыва сочыва

мець як мага больш полавых зносінаў хочацца
і пампаваць у інтэрнэце экстрымальнае порыва
апранацца ў прыгожых бутыках на “Экспабеле” хораша
сілкавацца ў “Планеце сушы” здорава

піць гарбату фруктовую ў напышлівым “Лёндане”
пачуваючыся напаўэмігрантам напаўбагемаю
хочацца ў клюбах начных бавіць час па-над танц-полам лётаючы
ды ў казіно пазбаўляцца ад лішніх грошай на зло ўсім экстрэмістам левым

выставы канцэптуалістаў і поп-артыстаў хачу наведваць клёвыя
і тэатар дзе паказваюць Ёнэска й Бэкета
у кіно хадзіць на кінастужкі Тэры Гільяма і братоў Коэнаў
карацей закарцела мне існаваць шчасна радасна і ня бедна

экзістэнцыяльна інтэлектуальна але і радасна жыць мне хочацца
ніколі ня ведаць ані горычы ані скрухі
ані розных казлоў што псуюць настрой розных цімураў хомічаў
ды вось толькі якая атрымліваецца няпруха

гэтае грамадзтва фізічна слабых нясчасных панурых
стомленых ад механічнай нятворчай працы
гэтае грамадзтва забруджанага паветра ежы чарнобыльцаў аматараў выпіць і абдзяўбацца
гэтае грамадзтва венэрычнай хваробы і ва-ўсіх-сфэрах-жыцця-мастурбацыі-без-эякуляцыі
гэтае грамадзтва дзе большасць людзей харчуюцца дома
апранаюцца на Ждановічах блядзкіх
гэтае грамадзтва партызан-папарацы з “Беларусьфільма” жабрацкага
гэтае грамадзтва што абсалютна не ўмее ствараць мастацтва а тое мастацтва што
гэтае грамадзтва ўмее ствараць успрымаецца як кімсьці ўжо мацаная маца ці дэградацыя
гэтае грамадзтва айцоў-класіцыстаў з той генерацыі што яшчэ пакутавала пад акупацыяй
гэтае грамадзтва запрыгоненых творцаў прыдворных паяцаў
гэтае грамадзтва не людзей а нейкіх фрыкаў фашысцкіх фрыцаў габрэйскіх кацаў
гэтае грамадзтва
мне перашкаджае зрабіцца шчаслівым
зрабіцца шчаслівым
шчаслівым
у мяне тут
у гэтым грамадзтве
чамусці
а чаму ня ведаю
ну зусім
ну зусім
анічога
нармалёвага
не атрымліваецца

і мусібыць ужо ніколі не атрымаецца

і вось яшчэ што
вось
што
яшчэ

пасля ўсяго мною тут сказанага
я хачу каб вы ставіліся да мяне з прыязнасцю
бо ў грамадзтве дзе кожны плявузгае ўсё што яму захочацца
усе адзін аднаго
ненавідзяць