Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Нос

Яшчэ не ацэнена

У справы не свае, нібы затычка,
Уткнуцца нейкі Нос пасмеў,
Дык вось і ўрэзалі яму аднойчы пстрычку,
Ды так, што ён аж пасінеў.
I Нос пакрыўдзіўся, зачмыхаў ён: «Вар'яты!
За што мне пстрычку? Я ж не вінаваты!»
«Каб звычак дрэнных ты не меў, —
Заўважылі яму, — пачвара!»
«Ды хіба ў тым віна мая?
Не сам прыдумаў гэта я.
Зірніце, — я ж сяджу на твары,
А твар, вядома, частка галавы.
Нікуды сам уткнуцца не магу я,
Раблю, што галава змазгуе,
Таму па галаве і біць павінны вы.
За што ж мяне караць, калі яна такая,
Што ў справы не ў свае мяне ўтыкае?»

Прызнацца, сустракалася і мне:
Начальнік сам нахамутае,
Адказваць жа другога падаткне,
I той па носе атрымае.