Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Ну дзе Ты, Бог

Сярэдняя: 4.5 (10 галасоў)

...А можа й праўда...
Мо Цябе й няма?..

...Ну дзе Ты, Бог?
У чым твая прысутнасць?
Халодзіць кроў няўцямная вайна...
Няўжо ж у ёй Твая святая сутнасць?

Няўжо ёсць сэнс ў крывавай валтузні,
у смерці тых, хто шчыра ў Цябе верыў?
А тыя, хто загразнуў у хлусні,
Трымаюць верх над праўдай і даверам.

А тыя, хто Твой голас і не чуў,
Сціраюць сцягам кроў з целаў дзіцячых...

Ну дзе ж Ты, Бог?!
Хіба ж Ты там "заснуў"?!
Ну як жа так?!
Ты ж, пэўна, гэта бачыў?!

Ты ж, пэўна, чуеш
стогн і плач дзяцей,
цнатлівых, чыстых?!
Ў чым яны павінны?!
Маўчыш...
Ці скажаш,
што нам трэ часцей
Табе маліцца за душы нявінных?

А я ж малюся!..
Ці й Табе казаць?!
Штодзённа ж чуеш ўсе мае малітвы!
Малюся так, што хочацца крычаць
Ад болю гэтай бессэнсоўнай бітвы!..

Прабач, мой Божа!
Можа й жорстка я.
Мажліва трэба звыкнуцца,
скарыцца.
Ды як абвыкнуцца, калі зямля,
Зямля братоў ў пажарышчы дыміцца...

...Ды толькі што я...
Мо Цябе й няма...
Бо дзе ж Ты, Бог?
У чым Твая прысутнасць?
...Халодзіць кроў няўцямная вайна...
Няўжо ж у ёй Твая святая сутнасць?