О, душа ты мая, шаляніца!
 Не душы так мяне, не гані!
 Дай хаця б на хвілінку спыніцца,
 Ачуняць ад пустой мітусні.
Не цягні па ліхім бездарожжы
 Басанож  – праз каменні і бруд.
 Пад цяжарам ускладзенай ношы
 Мне не вытрымаць новых пакут.
Не кідай мяне з месца на месца,
 Не вымучвай істоту тугой.
 Дай, нарэшце, мне дух перавесці
 І адчуць блаславенны спакой!
Хай заплюшчацца стомлена вочы!
 Хай расправяцца плечы мае!
Я прашу...
 А яна нават ноччу
 Перадыху ў жыцці не дае.
Пачынае занудліва-строга
 Адчуванні і думкі судзіць:
 Што зрабіла я сёння благога,
 Што павінна ў сабе я змяніць.
А засну – дык і ў сне ўсё сваволіць:
 Прымушае і там ваяваць.
 Апякае то шчасцем, то болем
 Паглядае, дзе чым іспытаць.
Выяўляе – а хто я на справе
 І ці вартая нечай любві?
 Ці такая ж я ў сне, як наяве?
 Ці сумленне ў мяне ўжо ў крыві?
Вывучае мяне, як карцінку,
 Адлюстроўвае ў люстры нябёс
 І глядзіць, як намеры і ўчынкі
 Вызначаюць мой будучы лёс.
5.02.2011