Верш для дзетак
Пад дахам казачнай зімы
Заўжды знаходзім цуды мы.
Дамы і хаты ў шапках белых
І далеч хтось памазаў мелам.
Рака - у вербах і ракітах,
Бы сургучом, лядком спавіта,
А па сцяжынках і палетках
Віхура змей пускае леткіх.
Катамі ўлегліся ля плоту
З сняжку рахманыя сумёты.
Іх яшчэ ўчора не было,
А сёння ўсё ў катках сяло!
А лес які зімой прыгожы!
Пагляды лыжнікаў варожыць!
Кусты ў празрыстым крышталі
Галінкі клоняць да зямлі.
А елкам шубкі каралеўнаў
Так спадабаліся, напэўна,
Што зварухнуцца аж баяцца,
Каб надалей з сняжком застацца!
На снезе - розныя сляды -
Туды-сюды, туды-сюды -
Вяпроў, ласёў і коз капытца,
Слядкі тут зайца і лісіцы,
Вавёрак лапкі і ваўкоў,
Янотаў, соў і барсукоў…
Слядоў у лесе многа розных,
Як толькі дзе чые адрозніць?