З балеснаю ў сэрцы пакорай
Пад крыжам збуцвеўшым стаю,
I ўвокал – ад гораў да гораў –
Зямлю аглядаю сваю.
Навокала сцелецца столькі
Багацця, красы і святла!
Хоць болькі, старыя ўсё болькі,
Адна за адною лягла.
Плакучыя стогнуць бярозы,
Скідагочы лісць залаты;
Хістаюцца дзікія лозы,
Глухія, сухія кусты.
Звод нейкі гамоніць, шапоча:
– Калодаю, дружа, ты будзь!
Душа толькі верыць не хоча,
Не хоча паняць і заснуць.
Упаўшыя грудзі калыша
Жальбой непрыхільнаю сум,
I тысячы ў памяці піша
Гаротных, нявыжытых дум.
Бяссільна народ свой пытаю,
Абняўшы пахілены крыж:
- За што ты ад краю да краю
Магілай жывою ляжыш?
Ці коні твае патрупелі,
Цягаючы ў поце плугі?
Ці косы твае прытупелі
З крывавай на лузе смугі?..
Пытаю жывых назаліста,
Чакаю, адказ ці бяжыць...
Маўчыць, як дамоўка, ўсё чыста...
Пракляцце – і тое маўчыць.