Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

1912

Яшчэ не ацэнена

Ты не гніся, брат, ніколі
Траўкаю пахілай,
Сам пружыны своёй долі
Выкуй ўласнай сілай!

Бо хоць кажуць, што з уклону
Не баліць галоўка, -
Не зважай: з ярма-прыгону
Выйшла гэта слоўка.

Не прасі, не спадзявайся
Ты на дапамогу,
Сам з нягодамі змагайся,
Сам прабі дарогу!

Хоць памогуць табе людзі
Адшукаць дарогі,
А саб'ешся, зноў ты будзеш
Абіваць парогі.

НЕ лісціся к сільным, дружа,
Зеллейкам-бярозкай,
Бо не выйдзеш век з-пад гужа,
Страціш вобраз боскі,

І ў людзей ты гонар страціш -
І цябе зракуцца:
Лепш змагацца вольным, браце,
Чым цярпець ды гнуцца.



Яшчэ не ацэнена

Ціха ідзеш ты, у нетрах дзіцёнка хадою калышаш,
Цёмнай і цёплай яму служыш калыскай цяпер.
          -------------
Дзіцё, што ў коласе зярно,
Пад сэрцам у цябе ўсё спее,
І сэрца цёмнае святлее,
І шчырым робіцца яно.
 
Ужо нічога ў ім няма,
Адно ёсць – рупнае каханне,
Салодка-соннае бажанне,
Салодка-сонная дума.



Сярэдняя: 4.6 (114 галасоў)

Не кажы, што злыя людзі
        І што свет паганы:
Сэрца крыўду ўсю забудзе,
        Час загоіць раны.
 
Тыя раны, што зладзеі
        Сэрцу прычынілі,
Ты думкі і надзеі,
        Што ў табе пабілі.
 
Ды ці ж варты баламуты,
        Каб твой твар дзявочы
Засцілаўся ценем смуты
        І тускнелі вочы?
 
Пройдзе ўсё, перажывецца, -
        Вер мне, дарагая!
Будзе час - ускалыхнецца
        Сэрца і ўзыграе.
 
А ў душы вясна настане,
        Сэрца зноў палюбіць,
Прыдзе доля, ў вочкі гляне,
        Шчыра прыгалубіць.
 

Не кажы ж, што злыя людзі
        І што свет паганы:
Сэрца смутак перабудзе,
        Час загоіць раны.



Яшчэ не ацэнена

З цэлым народам гутарку весці,
Сэрца мільёнаў падслухаць біцця –
Гэткай шукаю цэлы век чэсці,
Гэта адно мне падпорай жыцця.

Песьню стварыці ясну, як неба,
Ў кожнай з ёй хаце быць мілым гасцём –
Гэтакіх толькі скарбаў мне трэба,
Гэткім я толькі жыву пачуццём.

Што не загубяць крыўды жывую
Душу народа, што ўстане са сну, –
Гэткай надзеяй толькі жыву я,
Гэткую толькі чакаю вясну.

К яснаму сонцу з цьмы, з беспрасвецця,
К славе з бясслаўя ўсім нашым людзям –
Гэткай шукаю сцежкі на свеце,
Гэткаму Богу і душу аддам.

За лепшу долю роднага краю,
За сваіх браццяў ў святой барацьбе –
Гэтакай толькі смерці жадаю,
Памяткі гэткай чакаю сабе.